Валеру Дранчуку адмовілі ў абароне дачкі

Валеру Дранчуку адмовілі ў абароне дачкі


Пракуратура Першамайскага раёна адмовіла вядомаму эколагу і публіцысту Валеру Дранчуку ў абароне інтарэсаў яго зняволенай дачкі – прэс-сакратара Уладзіміра Някляева Юліі Рымашэўскай.

Паводле дзяржаўнага ведамства, скарга, у якой Дранчук падрабязна распавёў усе факты парушэння заканадаўства ў часе судовага працэсу не падлягае задавальненню.

Апроч гэтага не разгледжанай да гэтага часу з’яўляецца і скарга самой Рымашэўскай на незаконнае затрыманне і немагчымасць скарыстацца дапамогай адваката.

Паводле брата Рымашэўскай, скаргу ўжо некалькі раз перасылаюць з адной інстанцыі ў іншую:

- Па-першае, яна была не ў час адпраўлена з РАУС, яна мусіла быць адпраўлена цягам сутак, але яна была адпраўлена амаль праз трое сутак. Толькі ўчора яна дайшла да гарадскога суда, закруцілася бюракратычная машына. Прадстаўнік суда горада Мінска сказаў, што зараз адправім гэту скаргу ў суд Першамайскага раёна, каб яны прымацавалі да яе суправаджаючыя дакументы. Яны гэтыя дакументы прымацуюць, адправяць назад. Яно да нас прыдзе, мы прызначым час і гэтую скаргу разгледзім.

Такім чынам скарга, на разгляд якой паводле заканадаўства адводзіцца толькі пяць дзён рэальна будзе разгледжана толькі на наступным тыдні, ужо пасля вызвалення Рымашэўскай пасля трынаццацісуткавага арышту.

На дадзены момант прэс-сакратар Уладзіміра Някляева Юлія Рымашэўская працягвае адбываць пакаранне ў ізалятары часовага утрымання Мінскага раёна.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя