![]() |
![]() |
Гродзенскага актывіста Руху «За Свабоду» выклікаюць у КДБ
На допыт ва ўпраўленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Гродзенскай вобласці выкліканы актывіст руху “За свабоду” Эдвард Дмухоўскі.
Раніцай супрацоўнік КДБ патэлефанаваў дэмакратычнаму актывісту і запрасіў наведаць установу ў зручны для яго час. Выклік у КДБ Эдвард Дмухоўскі звязвае з падзеямі, што адбыліся ў Мінску 19 снежня гэтага года:
- Я думаю, што гэта звязана з падзеямі 19 снежня ў Мінску на Кастрычніцкай плошчы, на праспекце Незалежнасці, і падзеямі каля Дому ўрада. Улічваючы тое, што два чалавекі ад нас ужо былі ў Гродзенскім упраўленні КДБ і іх апытвалі менавіта пра гэтыя падзеі, таму я думаю, што тое самае будуць пытаць і ў мяне.
Апошнім часам супрацоўнікі камітэта дзяржаўнай бяспекі выказваюць падвышаную зацікаўленасць да тых асобаў, што 19 снежня знаходзіліся ў Мінску і прымалі ўдзел у акцыі пратэсту, накіраванай супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў беларускімі ўладамі.