Дашкевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай

Дашкевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай


Лідару «Маладога Фронту» Змітру Дашкевічу і яго паплечніку Эдуарду Лобаву абвінавачанне не прад'яўлена, але тэрмін утрымання пад вартай працягнуты яшчэ на дзесяць сутак адпаведна з санкцыяй пракурора.

Аб гэтым Рацыі паведаміла праваабаронца з Праваабарончага цэнтра «Вясна» Настасся Лойка:

- Наступныя дзесяць сутак ён будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага утрымання на Акрэсціна. Аналагічны лёс Эдуарда Лобава, які быў затрыманы разам з ім. Мы лічым гэта абсалютна беспадстаўным, бо Дашкевіч напрыклад нават па пратаколе на праходзіць. Чым матывавалі гэты працяг затрымання нам невядома, але я ведаю, што адвакаты будуць абскарджваць гэтае рашэнне.

Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна з 18-га снежня. Іх, а таксама Дзяніса Лазара, затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні хуліганскіх дзеянняў. Хлопцаў абвінавацілі ў тым, што яны беспадстаўна збілі двух чалавек кулакамі і металічнымі прадметамі.

Напярэдадні зранку на волю быў адпушчаны Дзяніс Лазар, з яго знялі ўсе падазрэнні. Па яго словах, насамрэч іх збілі проста на вуліцы незнаёмыя і гвалтоўна завезлі ў Маскоўскі РАУС.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя