![]() |
![]() |
Уся Беларусь на адной старонцы – на віртуальнай. Інтэрнэт-бібліятэка ў эміграцыі, “Камунікат”, святкуе сваё 10-годдзе. Святочную імпрэзу аўтары праекту зладзілі на радзіме – упершыню за ўсю дзесяцігодку.
НАТАЛЛЯ ГАРДЗІЕНКА, НАВУКОВЕЦ:
“Мы можам назваць kamunikat.org акном беларускай культуры ў Сеціве і свеце, бо людзі ў свеце змогуць зразумець, што такое выдавецкая кніжная культура і беларуская гісторыя”.
Нацыянальная бібліятэка ў эміграцыі, “Камунікат”, прапаноўвае тысячы кніг, артыкулаў, газетаў. У беларускім інтэрнэце ён у топе папулярных. Займае пятае месца ў спісе з 50 сайтаў. Аўтар праекту “Камунікат” цешыцца з гэтага па-бацькоўску і мае на тое асаблівую прычыну:
ЯРАСЛАЎ ІВАНЮК, СТВАРАЛЬНІК ПРАЕКТУ:
“10 гадоў, столькі ж і “Камунікату”. У мяне ёсць сын Хрыстафор. І я лічу, што дата нараджэння майго сына – гэта дата нараджэння “Камунікату”.
Спачатку было слова. А ў “Камунікаце” – слова электроннае. Гэтымі рукамі інтэрнэт-бібліятэкарка Наталля Герасімюк ператварае друкаваныя кніжкі ў віртуальныя.
НАТАЛЛЯ ГЕРАСІМЮК, ІНТЭРНЭТ-БІБЛІЯТЭКАРКА “КАМУНІКАТУ”:
“Традыцыйная кніга адыдзе, хаця не хацелася б… Электронная кніжка, электронная бібліятэка – гэта такі цуд, які можа мець кожны. Дастаткова ціснуць мышкай і ўсё”.
Адзін клік – і мы слухаем вершы Уладзіміра Арлова ў выкананні аўтара.
У Bynet электронныя бібліятэкі – пакуль рэдкасць. Ёсць не больш за дзясятак працаздольных. І эмігранцкі “Камунікат” сярод іх.
ЯРАСЛАЎ ІВАНЮК, СТВАРАЛЬНІК ПРАЕКТУ:
“Kamunikat.org – гэта бібліятэка ў тваёй хаце, не трэба выходзіць, каб пачытаць кніжку. А па-другое, выратуй дрэва – спампуй кніжку з kamunikat.org”.
Спампаваўшы беларускую электронную кніжку, мы ратуем не толькі дрэвы, але і нацыянальную культуру.