Еўрарадыё падала скаргі ў КДБ і пракуратуру

Еўрарадыё падала скаргі ў КДБ і пракуратуру


Еўрапейскае радыё для Беларусі скіравала скаргі на дзеянні супрацоўнікаў спецслужбаў, якія правялі ператрус у памяшканні мінскага карпункта радыё і вынеслі практычна ўсё абсталяванне.

Як адзначыла дырэктар мінскага карпункту Юлія Слуцкая, пры правядзенні следчых дзеянняў былі парушаныя шэраг заканадаўчых нормаў:

- У нас няма нічога акрамя копіі пратаколаў, напісаных вельмі неразборлівым почыркам, якія былі пакінуты проста на вахце. Мы даслалі лісты ў КДБ Мінска і Мінскай вобласці і копію накіравалі ў пракуратуру. Наш юрыст выслала гэтыя лісты, там пералічаныя ўсе артыкулы, якія былі парушаны пры нападзе на офіс ды сфармулявана просьба вярнуць тэхніку. Усё гэта мы даслалі, але пакуль ніякага адказу вядома ў нас няма.

Юлія Слуцкая таксама адзначае, што праца карэспандэнцкага пункта часткова адноўленая, а таксама пасля 19 снежня быў павялічаны інфармацыйны эфір.

У мінулым годзе Еўрапейскае радыё для Беларусі атрымала акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі на працу карэспандэнцкага пункта ў Мінску. Як зазначыў прэсавы сакратар дыпламатычнага ведамства Андрэй Савіных, следчыя дзеянні ў мінскім офісе Еўрарадыё праводзіліся без ведама міністэрства:

- Гэтыя падзеі адбыліся без нашага ведама, але ўсё гэта без сумневу не азначае закрыцця радыё. Я спадзяюся, што праваахоўныя органы змогуць выпрацаваць пэўнае рашэнне, на падставе якога будзе прынята канчатковая выснова. Абсалютна відавочна, што ўсе пытанні павінны вырашацца толькі ў прававым полі і ў адпаведнасці з заканадаўствам.

З адмысловай заявай з прычыны пераследу журналістаў у Беларусі выступіў таксама Камітэт абароны журналістаў. У заяве камітэт заклікае вярнуць абсталяванне канфіскаванае ў офісе Еўрарадыё ды ў хаце Ірыны Халіп і яе бацькі ды спыніць ціск на незалежную прэсу.

Калектыў Радыё Рацыя выказвае словы падтрымкі калегам.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя