Вязням КДБ прад’явілі абвінавачванне

Вязням КДБ прад’явілі абвінавачванне


Некаторым арыштаваным кандыдатам у прэзідэнты, а таксама іх давераным асобам, якія праходзяць па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску падчас акцыі 19 снежня, выстаўлена абвінавачанне.

Паводле адвакатаў, па крымінальным артыкуле 293 (масавыя беспарадкі), выстаўлена абвінавачанне кандыдатам у прэзідэнты: Уладзіміру Някляеву, Андрэю Саннікаву, Мікалаю Статкевічу і Віталю Рымашэўскаму, а таксама даверанай асобе Рымашэўскага – Паўлу Севярынцу. Таксама абвінавачанне прад’явілі прэс-сакратару Саннікава Аляксандру Атрошчанкаву.

Тэрмін ўтрымання пад вартай без прад'яўлення абвінавачванняў заканчваецца сёння і ў кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча. Яго адвакат Алег Агееў сказаў:

- Я не выключаю магчымасць сустрэчы з ім, сёння заканчваецца тэрмін утрымання пад арыштам, а адкладней – тэрмін, на працягу якога яму павінны прад’явіць абвінавачванне. Або адпусцяць, або прад’явяць абвінавачванні, я сам у чаканні.

Адвакат Уладзімер Тоўсцік сказаў, што выстаўлена абвінавачанне і журналістцы Ірыне Халіп, жонцы экс-кандыдата Андрэя Саннікава. Аднак ён не назваў артыкул і сказаў, што сёння працягнуцца допыты.

Усяго па справе аб масавых беспарадках праходзіць 26 асобаў.

Źródło: Беларускае Радыё Рацыя