Патрабуюць новых выбараў

Патрабуюць новых выбараў


"Лукашэнка не з'яўляецца законным прэзідэнтам Беларусі. Ён не абраны народам на законных, свабодных, дэмакратычных выбарах", – так гучыць галоўны тэзіс утворанага пасля выбараў, 19 снежня, Руху "За новыя выбары без Лукашэнкі".

Праца Руху за некалькі дзён - фармаванне спісаў правакатараў, чыноўнікаў, міліцыянераў, служачых спецслужбаў, якія падаўляюць пратэсты беларускага грамадства.

Глебу для ўтварэння Руху "За новыя выбары без Лукашэнкі" дала Кансерватыўна-хрысціянская партыя - Беларускі народны фронт "Адраджэнне", якая заклікала правесці выбары пад лозунгам "Новыя выбары без Лукашэнкі".

Сябра Сойму КХП-БНФ "Адраджэнне", беларускі мастак Яўген Шатохін, заклікае грамадскую супольнасць далучацца да руху, бо яго ідэі аб'ядноўваюць большасць грамадзян краіны:

- Беларусь не мае законнага прэзідэнта, Лукашэнка не з'яўляецца законным прэзідэнтам, ён узурпаваў уладу, не абраны на выбарах народам. На трэці тэрмін не меў законнага права балатавацца, а выглядае, што чацвёрты раз перамог. Трэба намагацца непрызнання гэтых выбараў ад АБСЕ і Еўрапейскага Саюза. Трэба людзям даць зразумець аб неадпаведнасці маральна-культурнага, псіхічнага ўзроўню Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта. Для гэтага пачалася зараз кансалідацыйная праца.

Наагул, Яўген Шатохін зазначае, што не варта звяртаць увагу на розныя пафасныя заявы, якія зараз сыплюцца з розных бакоў, а спалучыцца да рэальнай прапановы і пачаць з інфармацыйнай дапамогі сайту Руху www.bel-ruh.org, каб пашыраць інфармацыйны супраціў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя