![]() |
![]() |
У офіс газеты "Наша ніва" ў Мінску ўчора ўвечары ўварваліся спецслужбы, якія правялі вобшук, а затым як паведаміў наш карэспандэнт вынеслі з памяшкання тэхніку.
У выніку былі канфіскаваныя ўсе кампутары. З Рэдакцыі «Нашай Нівы» і ПЭН-Цэнтра забралі 12 сістэмных блокаў кампутараў, 3 флэшкі, усе кампакт-дыскі. На месца падзеі прыехаў лідар Руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч, які назваў дзеянні праваахоўных органаў незаконнымі, якія шкодзяць іміджу Беларусі ў свеце. Ператрус прайшоў таксама на кватэры галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» і намесніка старшыні ПЭН-цэнтру Андрэя Скурко:
- Ператрус цягнуўся каля двух гадзін, праводзіла яго Упраўленне КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Была канфіскаваная кампутарная тэхніка, як і з рэдакцыі Наша Нівы. Іх цікавілі аўдыё відэа матэр’ялы датычныя падзей 19 снежня.
Як было паведамлена, вобшукі былі звязаныя са справай аб знявазе дзяржаўных сімвалаў падчас акцыі 19 снежня, і супрацоўнікі праваахоўных органаў шукаюць фота- і відэаматэрыялы, якія пацвярджаюць падобныя дзеянні.
****
Па словах нашага карэспандэнта Барыса Гарэцкага, на месца падзеі з’явіўся лідар Руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, які назваў дзеянні праваахоўных органаў незаконнымі. Дзеянні такія, па словах Мілінкевіча, шкодзяць іміджу Беларусі ў свеце.
Вобшук у рэдакцыі "Нашай нівы" і сядзібе ПЭН-цэнтра праводзіўся па справе датычнай да знявагі беларускай дзяржаўнай сімволікі 19 снежня. Супрацоўнікі КДБ і міліцыя шукалі фота- і відэаматэрыялы, на якіх былі б доказы такой знявагі. Са змесцівам рэдакцыйных кампутараў на месцы разбірацца не сталі – яны іх проста апісалі і загрузілі ў міліцэйскія машыны.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў свой ператрус і канфіскацыю тэхнікі прымеркавалі акурат да аўторка, калі рэдакцыя збіралася рыхтаваць святочны нумар газеты.
Галоўны рэдактар "Нашай нівы" Андрэй Скурко пачаткова прысутнічаў пры вобшуку рэдакцыі, але неўзабаве міліцыя, у якой мелася пастанова на вобшук на ягонай прыватнай кватэры, забрала яго туды ў суправаджэнні супрацоўнікаў КДБ.
Сайт "Нашай нівы", па словах супрацоўнікаў рэдакцыі, можа быць заблакаваны альбо і знішчаны, таму што паролі ды тэхнічная інфармацыя, якая дазваляла яго абнаўляць, знаходзілася якраз у канфіскаваных кампутарах. Паколькі да ўваходу міліцыі ў офіс газеты, у будынку была абрублена электрычнасць, рэдакцыя не змагла ніяк забяспечыць гэтую інфармацыю.
* * *
Прыкладна ў 18.50 па беларускім часе ў дзверы Беларускага ПЭН-цэнтра пачалі грукаць невядомыя. Журналіст "Нашай нівы" Зміцер Панкавец дзверы адмыкаць адмовіўся.
Ператрус у ПЭН-цэнтры пагражае часткова паралізаваць працу газеты "Наша ніва", частка журналістаў якой працавала ў памяшканні ПЭН-цэнтра.
На месца выехаў намеснік старшыні ПЭН-цэнтра і рэдактар "Нашай нівы" Андрэй Скурко. Вось что паспеў перадаць журналіст Нашай нівы Зміцер Панкавец, які ў гэты момант не адказвае на тэлефонныя званкі:
– Людзі пачалі ламіцца ў дзверы, я спытаўся "хто там?" – адказалі, што міліцыя. З вобшукам на ПЭН-цэнтр прыйшлі. Пакуль што, нікога не ўпыскаў, чакаю начальства. З двух бакоў дзвярэй знаходзяцца – тут выйсці немагчыма. Дарэчы, святло нам абрубілі, знаходзімся без электрычнасці.
Па словах нашага карэспандэнта, які знаходзіцца на месцы падзеі, міліцыя ўвайшла ў офіс "Нашай нівы" ды праводзіць там ператрус. Галоўнаму рэдактару Андрэю Скурко супрацоўнікі паказалі пастанову на вобшук, а таксама і пастанову на вобшук у ягонай асабістай кватэры.