Уладзімір Някляеў жывы!

Уладзіміра Някляева нарэшце паказалі адвакату


Адвакат кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, лёс якога заставаўся невядомым з ночы 20 снежня, калі яго забралі са шпіталя і вывезлі ў невядомым кірунку, паведаміла аб тым, што лідар кампаніі "Гавары праўду" жывы і знаходзіцца ў здавальняючым стане.

– Стан здароўя не крытычны – не выходзіць ён па-за межы той траўмы, якую ён атрымаў, няма ў яго ніякіх новых захворванняў, яму перадалі пілюлі, якія ён прымаў раней...

Задаволеная такой добрай навіной і жонка Уладзіміра Някляева Вольга, якая чакала паведамленняў ад праваахоўных органаў і патрабавала паказаць свайго мужа з таго моманту, як яго збітага і недалечанага вывезлі са шпіталя.

– Наш адвакат яго бачыў, там быў допыт. Пад вокам вельмі моцны сіняк, выглядае ну так, трымаецца. Адказваў на пытанні, трымаўся, скардзіўся толькі на ціск. Адно, што ён сказаў – гэта, што жывы.Гэта першае, што мне трэба было даведацца і ў якім стане. Усё астатняе – гэта ўжо заўтра...

Па словах адваката Някляева Тамары Сідарэнка яе падабароннаму павінны абвінаваціць альбо адпусціць у тэрмін да 30 снежня ўключна.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя