Г. Паганяйла: Улады спрабуюць насаліць сям'і Саннікава

Г. Паганяйла: Улады спрабуюць насаліць сям'і Саннікава


Органы сацыяльнай апекі Партызанскага раёна Мінска разглядаюць пытанне аб устанаўленні апекі над сынам кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і яго жонкі Ірыны Халіп, якія былі арыштаваны і праходзяць у якасці падазраваных у справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.

Факт што дзяржаўныя органы так хутка адрэагавалі на справу - яшчэ адзін доказ таго, што гэта спроба ціску на затрыманых, - адзначае юрыст, праваабаронца Беларускага хельсінскага камітэта, Гары Паганяйла:

- Тое, што ўлада дэманструе ў дадзеным выпадку кажа пра тое, што гэта палітызаванае пытанне і гэткім чынам улады спрабуюць як мага болей насаліць сям’і Саннікава, каб ціснуць на яго маральна ў СІЗА КДБ. ДА таго ж ён збіты, нездаровы і, па словах адваката, яму не аказваецца кваліфікаваная медычная дапамога, і я як праваабаронца магу ахарактарызаваць дзеянні ўлады як відавочна незаконныя ды палітычна матываваныя.

Маці Ірыны Халіп ужо напісала заяву аб устанаўленні ёй апекі над унукам. Чыноўнікі органаў апекі патлумачылі, што вымушаны былі адрэагаваць на сітуацыю, паколькі з Партызанскага раёна паступіла афіцыйнае паведамленне, што непаўналетні сын Саннікава застаецца без апекі бацькоў. На думку Гары Паганяйла, калі б органы сапраўды мелі на ўвазе дабро хлопчыка, тады маглі б звольніць хаця б аднаго з бацькоў пад падпіску аб нявыездзе.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя