|
|
У рэгіёнах працягваецца пераслед грамадскіх актывістаў
У рэгіёнах працягваюць праследаваць грамадскіх актывістаў, якія бралі ўдзел у выбарчай кампаніі на баку дэмакратычных кандыдатаў.
У Брэсце сябра Руху "За свабоду" Канстанцін Турчыняк даваў паказанні ў Ленінскім РАУС па справе затрымання на плошчы 19 снежня, а ў Мінску судзілі Змітра Шурхая, якога ўначы пасля пяцісуткавага арышту супрацоўнікі КДБ даставілі ў Мінск.
Зміцер Шурхай быў затрыманы 21 снежня разам з Юрым Бакурам і Андрэем Шарэндам. Апошніх учора позна вечарам адпусцілі на волю. Андрэй Шарэнда і Юры Бакур цягам зняволення праводзілі галадоўку супраць таго, што размясцілі іх у камерах, дзе былі курыльшчыкі:
– Мы былі затрыманыя разам, але сядзелі ў асобных камерах. Мая камера шасцімечная была – у асноўны час там сядзела шэсць чалавек, хтосьці выпускаўся, хтосьці далучаўся.
– Камеры былі цалкам забітыя, мая была пяцімесная. Калі мы выйшлі, даведаліся, што нашага трэцяга сябра Змітра Шурхая з намі няма. Ён быў звезены ў Мінск для выканання следчых дзеянняў.
На думку актывістаў, Зміцер Шурхай быў найболей актыўным падчас выбарчай кампаніі і падчас падзеяў на плошчы 19 снежня ён, як давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага быў увесь час побач свайго кандыдата, актывісты лічаць, што таму менавіта справу Шурхая перадалі ў Мінск.
Фота rferl.org