Рэгіянальныя палітыкі пра зачыстку апазіцыі пасля 19 снежня

Рэгіянальныя палітыкі пра зачыстку апазіцыі пасля 19 снежня


Дэмакратычныя палітыкі Гомельшчыны шакаваныя жорсткасцю паводзінаў уладаў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 19 снежня.

Мясцовыя палітычныя і грамадскія дзеячы Васіль Палякоў, Зінаіда Шуміліна, Уладзімір Кацора мяркуюць, што нематываваная агрэсія сілавікоў у дачыненні да апазіцыі выкліканая страхам кіраўніцтва краіны перад правядзеннем другога тура.

Васіль Палякоў:

– Насамрэч большасць выбаршчыкаў не падтрымлівае дзейнага прэзідэнта, калі яго можна так назваць. Таму ў яго такая рэакцыя: імкненне ўсіх заціснуць і задавіць. Можна сказаць, што тут у большай ступені прысутнічае асабісты момант. Спачатку была вялікая гульня і імкненне паказаць Захаду, што ў нас штосьці мяняеца, што ў нас адбываецца пэўная лібэралізацыя. Але потым прэзідэнт не вытрымаў. І ўжо ў апошні момант аддаў загад, каб брутальна ўсіх затрымлівалі, збівалі. Кандыдаты не прысутнічалі там, дзе білася шкло. Гэта былі правакатары. Але менавіта кандыдатаў чамусьці пачалі збіваць у першую чаргу, ламаць ногі, затрымліваць... Менавіта Лукашэнка аддаў загад. Без яго загаду ніхто б не асмеліўся пайсці на кандыдатаў у прэзідэнты, узняць на іх руку.

Зінаіда Шуміліна:

– Я прысутнічала на датэрміновым галасаванні і ў дзень выбараў на выбарчым участку № 14 горада Гомеля. Рэзультаты майго назірання не супадаюць з вынікамі, агучанымі камісіяй, на 476 галасоў. Мяркую, пры справядлівым і сумленным падліку галасоў павінен быў адбыцца другі тур, у якім Лукашэнка прайграў бы. Таму, лічу, ён сябе павёў такім чынам, каб перасадзіць усіх людзей, якія прэтэндуюць на прэзідэнцкае месца. Ён спалохаўся імавернасці правядзення другога тура. Каб не было аніякіх перашкодаў, ён забяспечыў сабе ўмовы для перамогі, якую ён не атрымаў на гэтых выбарах.

Уладзімір Кацора:

– Зараз рэжым падышоў да ўсведамлення таго, што Лукашэнка мог рэальна страціць уладу. Мне здаецца, што прэзідэнт разумеў усю небяспеку не да канца. Пераломны момант кампаніі наступіў у чацвер напярэдадні выбараў, калі ён выступіў з заявай, што назіральнікі занадта багата патрабуюць ад выбарчых камісій. Казаў пра тое, што старшыня камісіі – цар, бог і вайсковы начальнік на ўчастку. Толькі ён вырашае, дзе каму быць і адкуль назіраць. Гэта ўжо быў першы сігнал, калі ўся выбарчая вертыкаль і астатняя ўладная вертыкаль павінна была зразумець, што нічога мяняцца не будзе. І ўжо тады лідары мусілі зразумець, што плошча будзе такой, якая адбылася.

Паводле Уладзіміра Кацоры, услед за зачысткай сталічных апазіцыйных асяродкаў можна прагназаваць актывізацыю пераследу ў дачыненні да рэгіянальных актывістаў. Што праўда, лічыць каардынатар грамадзянскай кампаніі “За справядлівыя выбары” па Гомельшчыне Уладзімір Кацора, наўрад ці рэпрэсіўная хваля дасягне такога ўзроўню, як у Мінску.

Уладзімір Кацора:

– Канешне ж, улада не спыніцца, калі ў Мінску правядзе зачыстку. Паступова рэпрэсіі дойдуць і да рэгіёнаў. Вядома, не ў такім брутальным выглядзе, як у сталіцы. Мне здаецца, што рэгіянальных актывістаў будуць цягаць па позвах у міліцыю, КДБ. Цалкам магчыма, што правядуць некалькі паказальных вобшукаў і арыштаў. Але так брутальна ў рэгіёнах дзейнічаць не будуць.

Праз тыдзень пасля выбараў сітуацыя ў Гомелі адносна спакойная. На дадзены момант у мясцовым ізалятары знаходзяцца тры давераныя асобы кандыдатаў у прэзідэнты Някляева, Рымашэўскага і Статкевіча. Гэта -- Валерый Сляпухін, Юрый Клімовіч і Юрый Захаранка. Актывісты былі затрыманыя 19 снежня за нецэнзурную лаянку. Вобшукі на кватэрах у актывістаў не праводзіліся.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя