|
|
Створаны камітэт грамадскай салідарнасці з рэпрэсаванымі
Сябры выбарчых штабоў кандыдатаў, прадстаўнікі палітычных партый і кіраўнікі недзяржаўных арганізацый вырашылі скаардынаваць свае дзеянні ў справе вызвалення палітвязняў.
У Мінску абвешчана пра рашэнне стварыць камітэт грамадскай салідарнасці з затрыманымі і асуджанымі ў час падзеяў 19 снежня. Кажа адзін з сябраў аргкамітэту, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін.
- Ён будзе складацца з усіх тых, хто адчувае патрэбу ўдзельнічаць у гэтай дапамозе і з усіх тых, хто мае нейкія магчымасці. Гэта будуць і прадстаўнікі палітычных партыяў і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў, і праваабарончых і журналісцкіх і іншых. І я думаю, што агульнымі намаганнямі мы раней ці пазней зможам вырашыць гэтую праблему і перш за ўсё дамагчыся вызвалення палітычных вязняў. Цяпер не час вызначаць ці ўсё было зроблена правільна ці няправільна, хто вінаваты ці невінаваты. Цяпер мы павінны сканцэнтравацца перш за ўсё на вызваленні палітвязняў
Плануецца, што камітэт грамадскай салідарнасці будзе не толькі дамагацца вызвалення затрыманых і асуджаных палітыкаў і грамадскіх актывістаў, але аказваць матэрыяльную і юрыдычную дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій, а таксама даносіць да грамадства аб’ектыўную інфармацыю. Арганізацыйны сход ініцыятараў стварэння камітэта запланаваны на раніцу 28-га снежня.