Ф. Вячорка: Нам засталося спадзявацца толькі на сябе

Ф. Вячорка: Нам засталося спадзявацца толькі на сябе


Дапамога рэпрэсаваным і тым, якія застаюцца ў ізалятарах працягваецца ўвесь час і гэта не абумоўлена партыйнай прыналежнасцю, да яе далучаецца штораз большае кола звычайных грамадзянаў, – сказаў Франак Вячорка.

Высветлілася, што нам засталося спадзявацца толькі на сябе, паколькі царкоўныя іерархі ў Беларусі не толькі не асудзілі дзеянняў на плошчы 19 снежня, а нават павіншавалі Лукашэнку з чарговым тэрмінам.

- Касцёл ніяк не выказаўся і падчас Калядных святкаванняў. Калі быў разгон акцыі і мы апынуліся каля ўваходу ў Чырвоны касцёл, нас пачалі лупасіць дубінкамі, было каля пяцідзесяці чалавек. Дзверы касцёла па-просту зачынілі, нікога з нас не пусцілі. Хаця, здавалася б, касцёл, асабліва ў такі час павінен быць адчынены і павінен дапамагаць людзям, але яны проста зачынілі дзверы яшчэ ўдзень. Цяпер нам патрэбныя агульнанацыянальная салідарнасць з тымі, хто пацярпеў, супольныя дзеянні і, безумоўна, міжнародны ціск на Лукашэнку. Гэты ціск павінен быць агульны, татальны, такога ціску Лукашэнка доўга не зможа вытрымаць і будзе вымушаны ісці на саступкі.

Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэнецца з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Тадэвушам Кандрусевічам, пра што паведамляе Белта.

Франак Вячорка лічыць, што цяперашняя сітуацыя ў Беларусі гэта плён двухгадовай так званай лібералізацыі, якую Лукашэнка абяцаў Еўропе. Адзінае, што зараз можа Еўропа зрабіць гэта ціснуць на рэжым, каб вызваліў палітвязняў і каб ў Беларусі нарэшце адбыліся свабодныя выбары без Лукашэнкі.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя