![]() |
![]() |
У. Колас: Наша заява - спроба ўплываць на сітуацыю
Дзеячы культуры і мастацтва патрабуюць перавыбараў і ўвядзення жорсткіх санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў. Рада беларускай інтэлегенцыі прыняла заяву, у якой асуджае рэпрэсіі супраць кандыдатаў у прэзідэнты і іншых беларускіх грамадзянаў.
Сябры Рады мяркуюць, што адказнасць за трагічныя падзеі ў Мінску 19 снежня ляжыць асабіста на Аляксандру Лукашэнку. Прадстаўнікі інтэлегенцыі патрабуюць вызвалення ўсіх незаконна затрыманых людзей, прапануюць стварыць міжнародную камісію ра раследаванні злачынстваў 19 снежня і правесці выбары прэзідэнта Беларусі пад міжнародным кантролем. Таксама ў дакуменце вядзецца пра апраўданасць увядзення жорсткіх санкцый у дачыненні да беларускага рэжыма.
Кіраўнік Рады Уладзімір Колас называе заяву спробай паўплываць на сітуацыю, якая склалася ў краіне і кажа, што яна будзе данесена праз усе магчымыя каналы:
– У нас ёсць партнёры ў краінах Еўрасаюза і ў Злучаных Штатах, тут ёсць амбасады – будзем рассылаць яе па амбасадах, па сваіх каналах, праз сродкі масавай інфармацыі даводзіць. Безумоўна, мы не з’яўляемся афіцыйнай структурай, гэта пазіцыя дзеячоў культуры, навукі, мастацтва, якія засведчылі свой узровень у розных галінах дзейнасці – людзі вядомыя ў грамадстве, людзі, якія маюць аўтарытэт. Гэта такое меркаванне беларускай грамадскасці, якое, спадзяемся, будзе ўлічана пры прыняцці пэўных рашэнняў у дачыненні да нашай сітуацыі.
Заяву падпісалі ля трох дзесяткаў дзеячаў культуры і мастацтва, вядомыя беларускія навукоўцы, журналісты і грамадскія дзеячы. Сярод падпісантаў – Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Юры Хашчавацкі, Аляксандр Вайтовіч, Радзім Гарэцкі, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законнікаў ды іншыя.
Фота belsat.eu