![]() |
![]() |
Еўропа працягвае выказвацца ў падтрымку рэпрэсаваных
Шэраг парламентаў і дэмакратычных партый еўрапейскіх дзяржаў зрабілі заявы адносна сітуацыі вакол разгону дэманстрацыі 19 снежня і далейшых рэпрэсій над затрыманымі.
Сейм Літвы, нягледзячы на блакіраванне гэтага пытання з боку партыі сацыялістаў, прыняў адпаведную рэзалюцыю ў апошні дзень працы перад навагоднімі святамі. У дакуменце літоўскія парламентарыі яшчэ раз падкрэслілі жорсткі характар дзеянняў афіцыйнага Мінска і зрабілі акцэнт на неадпаведнасці прайшоўшых выбараў міжнародным стандартам.
Па словах міжнароднага каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Георгія Дзмітрука, на заклік арганізацыі такія заявы працягваюць рабіць і іншыя парламенцкія сходы, а таксама партнёрскія партыі ва ўсёй Еўропе:
- Я хачу асабліва падзякаваць Сейму Літвы, які прыняў рэзалюцыю, нягледзячы на супрацьдзеянне некаторых палітыкаў. У гэтай рэзалюцыі Сейм асудзіў дзеянні беларускіх уладаў і адназначна ахарактарызаваў тое, што адбывалася ў Беларусі. Партыйныя арганізацыі выступілі ў нашу падтрымку і ў падтрымку палітычнай супольнасці, якая пацярпела ў выніку жорсткіх дзеянняў беларускай улады.
Па словах Георгія Дзмітрука, падобныя заявы з асуджэннем рэпрэсій у Беларусі на дадзены момант працягваюць гучаць Нямеччыне, Галандыі, Латвіі, Польшчы ды Украіне. Апроч гэта актывісты БХД працягваюць звяртацца таксама і ў міжнародныя, у тым ліку гуманітарныя арганізацыі, з просьбай паспрыяць хутчэйшаму вызваленню ўсіх зняволеных, а таксама высветліць сітуацыю вакол жыцця і здароўя экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.