![]() |
![]() |
С. Пялеса: Белсат працягне сваю працу нават у такіх умовах
Уначы з дапамогай адмысловай пілы ўламіліся ў офіс першага незалежнага тэлеканалу Белсат у Мінску. На той момант у офісе нікога і нічога не было.
Некалькі дзён таму журналісты разам з тэхнікай і абсталяваннем выехалі з гэтага памяшкання, якое на дадзены момант апячатана.
Як адзначае прэс-сакратар Белсату Сяргей Пялеса, тэлеканал меў час, каб падрыхтавацца да такога развіцця падзей, а таму працягне сваю працу, хоць і не ў зусім звычайным рэжыме:
- Спецслужбы, якія вось ужо некалькі дзён праводзяць рэпресіўную кампанію, "вайну" супраць дэмакратычных актывістаў і журналістаў, яны патрабуюць на гэта час і пэўныя высілкі, таму ў нашым выпадку мы мелі некалькі дзён на тое, каб падрыхтавацца да гэтага. Нават той рэжым, у якім Белсат працаваў да выбараў, ён быў незвычайны, у пэўным сэнсе. Але цяпер, пасля гэтага дня, ён стаў яшчэ больш незвычайны, таму што натуральна для працы тэлебачання патрэбна абсталяванне, патрэбныя камеры, камп'ютарная тэхніка і г.д. Белсат будзе працягваць сваю працу, у яго быў час, каб падрыхтавацца.
Сяргей Пялеса адзначае, што тыя падзеі, якія зараз адбываюцца ў Беларусі – гэта беспрэцэндэнтны прыклад неадэкватнай рэакцыі на мірную дэманстрацыю 19-га снежня. Гэта выяўляецца ў збіцці і арыштах дэманстрантаў, у хвалі вобшукаў, атаках на незалежныя СМІ ды іншых дзеяннях беларускіх уладаў.