Ул. Колас: Будзем кансалідаваць дэмакратычны актыў

Ул. Колас: Будзем кансалідаваць дэмакратычны актыў


Рада беларускай інтэлігэнцыі патрабуе ўвядзення жорсткіх санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў. Толькі адэкватныя дзеянні Еўропы, накіраваныя супраць уладаў Беларусі змогуць дамагчыся вызвалення людзей, якія былі затрыманыя падчас разгона плошчы, а таксама экс-кандыдатаў у прэзідэнты.

Пра гэта паведаміў Радыё Рацыя старшыня рады Аб'яднання беларускай інтэлігэнцыі Уладзімір Колас:

- Пасля таго, што здзейснілі гэтыя злачынцы, самае галоўнае - вызваліць людзей са зняволення, уратаваць здароўе і жыццё людзей - і кандыдатаў, і ўсіх іншых, хто мірна прыйшоў выказваць свой пратэст. Прымусіць гэтых амаральных асобаў гэта зрабіць могуць толькі нейкія адэкватныя, жорскія дзеянні, і іншага шляху мы не бачым. Не ведаю, калі дажывём і будзем на волі, будзем далей збірацца і працягваць кансалідаваць наш дэмакратычны актыў, які яшчэ застаўся. Таму што толькі разам мы сіла.

На думку Уладзімір Коласа, Аляксандр Лукашэнка яшчэ да правядзення гэтак званага Усебеларускага сходу застрахаваўся падтрымкай дзейнага кіраўніцтва Расіі, таму сёння ў яго поўнасцю развязаныя рукі. Гэта яшчэ адзін доказ амаральнасці расійскага кіраўніцтва, якое так і не выказалася наконт жорсткага разгона людзей на плошчы ці арышту кандыдатаў у прэзідэнты.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя