![]() |
![]() |
С. Калякін: Лепш бы заняліся пошукамі тых, хто біў шкло
У Беларусі прайшла хваля ператрусаў. Сярод апошніх паведамленняў – уламанне ў мінскі офіс першага незалежнага тэлеканала Белсат. Таксама працягваюцца допыты дэмакратычных актывістаў.
Напярэдадні ў КДБ быў дапытаны лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін і двое яго намеснікаў - Уладзімір Ухналёў і Анатоль Лашкевіч. Яны былі дапытаныя ў якасці сведак па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19-га снежня. У дапытаных узялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў следства.
Як адзначае Сяргей Калякін, складана патлумачыць, чаму такое шырокае кола людзей ахоплена цяпер пільнай увагай праваахоўных органаў і Камітэта дзяржбяспекі:
- Ім патрэбныя нейкія доказы, таму яны шукаюць іх, думаю, што іх і няма. Яны спрабуюць чаго-небудзь "нарыць". Таму апытваюць усіх - хто меў дачыненне, хто не меў дачынення да гэтага, хто быў на плошчы, хто не быў. Таму складана сказаць, чаму такое шырокае кола. Я наогул лічу, што ўсё гэта адаб'ецца не на карысць улады. Ім трэба цалкам пераглядзець падыходы да ўсяго і выпусціць затрыманых. Шукаць тых, хто быў правакатарамі на Плошчы. Вось гэта будзе карыснай справай.
Падчас выбарчай кампаніі партыя левых «Справядлівы свет» праводзіла маніторынг выбарчага працэсу ў межах кампаніі «За справядлівыя выбары». 24-га снежня бюро Цэнтральнага камітэта партыі прыняло заяву, у якой назвала падзеі 19-га снежня «крывавай нядзеляй» і рашуча асудзіла дзеянні беларускіх уладаў.