![]() |
![]() |
Праца па аказанні дапамогі затрыманым не спыняецца
На цэнтральным офісе Партыі БНФ у Мінску праходзіць збор рэчаў і прадуктаў для перадачы тым, хто адбывае адміністрацыйны арышт пасля падзей 19-га снежня ў Мінску.
Управа Партыі БНФ выступіла арганізатарам гэтай акцыі дапамогі, да якой далучылася Асамблея недзяржаўных арганізацыі і шэраг грамадскіх арганізацый.
Як адзначае старшыня партыі Аляксей Янукевіч, да акцыі далучыліся таксама шматлікія хлопцы і дзяўчаты, якія не ўваходзяць у грамадскія арганізацыі, а проста хочуць выказаць сваю салідарнасць:
- Дастаткова імкліва ў гэтыя святочныя дні ідзе праца - збіраюць перадачы, прымаем рэчы ад людзей, якія іх прыносяць, закупаюцца неабходныя рэчы, перадачы адвозяцца на Акрэсціна і ў Жодзіна. Таксама пастаянна ўзгадняюцца спісы затрыманых, паколькі вельмі шмат людзей звяртаецца да нас, каб атрымаць хоць нейкую інфармацыю. Мы гэтую інфармацыю збіраем і пераказваем людзям.
Як адзначае Аляксей Янукевіч, часам узнікаюць тэхнічныя перашкоды пры спробах аддаць перадачы. Напрыклад, перадачы афармляюцца вельмі доўга, былі выпадкі нават да палутара гадзін зыходзіла на адну перадачу. Аднак у цэлым пакуль атрымліваецца перадаць пакункі тым, хто адбывае пакаранне пасля падзей 19-га снежня ў Мінску.