А. Ярашук: Прафсаюзы ўсяго свету сочаць за падзеямі ў Беларусі

А. Ярашук: Прафсаюзы ўсяго свету сочаць за падзеямі ў Беларусі


Лідар нямецкіх прафсаюзаў (DGB) і старшыня Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў Міхаэль Зомер зрабіў заяву, у якой патрабуе ад кіраўніцтва Нямеччыны і ЕС адпаведнай і выразнай рэакцыі ў сувязі з апошнімі падзеямі ў Мінску.

Зомер лічыць "недапушчальным”, калі на ўсходняй мяжы ЕС нейкі “дэспат топча нагамі правы і свабоды чалавека”. Лідар DGB адзначае, што сярод сотняў арыштаваных дэманстрантаў і старшыня Свабодных прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Кавалькоў. Віцэ-старшыня міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў Александр Ярашук адзначае, што адпаведную заяву накіраваў у сваю арганізацыю, адразу пасля падзеяў на плошчы і арыштах, як мірных людзей, так і кандыдатаў у прэзідэнты. На яго думку цяпер будуць адгукацца на гэтыя падзеі не толькі нямецкія прафсаюзнікі, але і ўсяго свету, лічыць Аляксандр Ярашук.

- Такое паняцце, як прафсаюзная салідарнасць, яно працуе, яно дзейснае, і гэта сведчыць пра тое, што прафсаюзы ўсіх краін пільна адсочваюць за развіццём падзей у Беларусі, і не толькі з пункту гледжання таго, як выконваюцца рэкамендацыі МАП, як парушаюцца правы праўсаюзаў, але і наогул што тычыцца палітычнай сітуацыі, і што тычыцца элементарных грамадзянскіх правоў у нашай краіне.

"Я патрабую неадкладна вызваліць людзей, якія не зрабілі нічога, акрамя таго, як выказалі сваё меркаванне. Турэмнае ўтрыманне на падставе палітычных меркаванняў заўсёды азначае ў Беларусі небяспеку для жыцця і здароўя. Апошнім часам гэта, на жаль, даказана. Але і ў Беларусі павінны прызнаваць такія фундаментальныя правы чалавека як свабода асацыяцый і свабода сходаў. Улада, якая ігнаруе гэтыя правы, павінна несці адказнасць за свае дзеянні", – адзначыў у сваёй заяве лідэр DGB і старшыня Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў Міхаэль Зомер.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя