Лябедзьку спрабуюць вызваліць пад асабістае паручыцельства

Лябедзьку спрабуюць вызваліць пад асабістае паручыцельства


Вызваліць Анатоля Лябедзьку пад асабістае паручыцельства – такія хадайніцтвы ў пракуратуру Мінска падаў юрыст Сяргей Балыкін, прадпрымальнік Леў Марголін ды шэраг іншых грамадзян Беларусі.

Як адзначыў ініцыятар падачы хадайніцтва Сяргей Балыкін, паручыцелі бяруць на сябе пэўныя абавязкі:

– Асабістае паручыцельства – гэта мера вызвалення, якая прадугледжана ў крымінальна-працэсуальным кодэксе – у ёй прадугледжваецца паручыцельства асоб, якія заслугоўваюць даверу, што асоба, якую вызваляюць не будзе ўцякаць ад следства і суда, не будзе перашкаджаць следству, ды не будзе займацца злачыннай дзейнасцю. У выпадку, калі Анатоль Лябедзька парушыць умовы вызвалення пад асабістае паручыцельства, то мы выплацім санкцыю памерам у 100-500 базавых велічыняў кожны.

Нават калі хадайніцтвы і не будуць задаволены, а гэта самы верагодны варыянт, то мы прадэманстуем сваю салідарнасць – адзначае Сяргей Балыкін.

На дадзены момант, па інфармацыі праваабарончага цэнтра "Вясна", у следчым ізалятары КДБ знаходзіцца 22 арыштаваныя пасля падзей 19 снежня.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя