БелаПАН: У Мінску адбылося святкаванне 10-годдзя інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org

Бібліятэкар


Мінск, 29 верасня. Святкаванне 10-годдзя інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org прайшло 29 верасня ў сталічнай галерэі сучаснага мастацтва "Ў".

Бібліятэка з`яўляецца праектам Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку (Польшча). Мерапрыемства наладзіла Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", якое доўгі час супрацоўнічае з бібліятэкай.

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org узнікла ў 2000 годзе як прыватная ініцыятыва і на працягу некалькіх гадоў існавала на грамадскіх пачатках. З часам сціплы збор публікацый беларусаў Беласточчыны дзякуючы фінансавай падтрымцы польскага МЗС у межах праекта "Польская дапамога" перарос у буйную бібліятэку, якая сёння з`яўляецца адной з найбольш папулярных беларускіх бібліятэк у сеціве.

На сайце Kamunikat.org можна знайсці амаль 6 тыс. беларускіх публікацый — кніг, часопісаў, газет, mp3-файлаў, якія датычаць Беларусі ці беларусаў. Багатыя зборы гістарычнай літаратуры і кніг, недаступных у традыцыйных бібліятэках Беларусі, робяць Kamunikat.org крыніцай унікальнай інфармацыі для студэнтаў і навукоўцаў.

У межах праекта "Беларускія аўтары" Kamunikat.org дае магчымасць ствараць персанальныя сайты беларускіх пісьменнікаў, публіцыстаў і даследчыкаў, чые кнігі знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі. Існуе таксама некалькі сайтаў беларускіх выдавецтваў і выдавецкіх серый.

На свяце выступіў стваральнік і каардынатар праекта Kamunikat.org, радыёжурналіст, праграмны дырэктар "Радыё Рацыя" Яраслаў Іванюк, а таксама беларуская журналістка з Польшчы, стваральніца беларускай бібліятэкі пры музеі беларускай культуры ў Гайнаўцы Наталля Герасімюк.

Як зазначыла падчас прэзентацыі старшыня рады ЗБС "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская, згуртаванне падтрымлівае Kamunikat.org з мэтай далучыць да беларускага літаратурнага скарбу людзей, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. "Беларускамоўная літаратура, на жаль, разыходзіцца не тымі тыражамі, як належыць, і пакуль няма такіх тыражоў, стварэнне інтэрнэт-бібліятэкі — вельмі важны крок для ўсіх, хто мае патрэбу ў такой літаратуры", — адзначыла Шыдлоўская.

Паводле яе слоў, вельмі сумна, што беларуская дзяржава не аказвае падтрымкі такім праектам.

Да 10-годдзя сайт прыняў новы дызайн і новыя магчымасці сістэмы. Цяпер кожны наведнік лёгка адшукае не толькі кнігу патрэбнага аўтара, але і асобны яго артыкул.

Гасцямі сустрэчы сталі вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў і навуковец Наталля Гардзіенка, а таксама бард Алесь Камоцкі. Падчас імпрэзы адбылася выстава-кірмаш кніг, выдадзеных беларусамі з Беластока і прэзентацыя праекта "Беларусы Польшчы" фатографа Андрэя Лянкевіча.

Крыніца: Сяргей Пульша, БелаПАН