Жонка Някляева паскардзілася генпракурору

Жонка Някляева паскардзілася генпракурору


Увечары 24 снежня Вольга Някляева, жонка Уладзіміра Някляева, перадала ў Генеральную пракуратуру скаргу, у якой патрабуе сустрэчы з Генеральным пракурорам Рыгорам Васілевічам.

Вольга Някляева патрабуе паведаміць ёй, ці жывы яе муж і даказаць гэта. 21 снежня яна ўжо звярталася ў Генпракуратуру з заявай, у якой прасіла разгледзець прычыну немагчымасці сустрэчы Някляева з адвакатам. Аднак заява да гэтага часу не разгледжаная, хаця законам вызначаны тэрмін на разгляд у тры дні.

Напярэдадні адвакат Тамара Сідарэнка (фота) зноў не змагла сустрэцца з Уладзімірам Някляевым, і прасядзела цэлы дзень у чаканні:

– Я занесла генеральнаму пракурору чарговую скаргу, аддала яе па-просту дзяжурнаму на прыёме, патлумачыўшы ўсю сітуацыю. Адказваць на яе будуць цягам трох дзён, паглядзім... Вось такі непарадак.

Цяпер магчымасць пабачыць Уладзіміра Някляева можа з'явіцца толькі ў панядзелак, паколькі ў суботу і нядзелю следчы ізалятар КДБ не працуе.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя