Міхась Андрасюк па-польску і з беларускім настроем

Бібліятэкар

Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя
4.09.2010 г.


Гэтымі днямі ў кніжнай серыі “Трансгранічныя сцежкі” ў рамках бібліятэкі “Радыё Рацыя” выйшла новая кніга прозы нашага рэдакцыйнага калегі Міхася Андрасюка “Вагон другога класа”.

Незвычайнасць гэтага зборніка ў тым, што ён напісаны па-польску, хоць Міхась Андрасюк да гэтай пары быў вядомы выключна як беларускамоўны літаратар.

Пра ўсе загадкі “Вагона другога класа” з беларускім пісьменнікам з Падляшша Міхасём Андрасюком пагутарыў беларускі пісьменнік з Беларусі Алесь Аркуш.

РР: Для пісьменніка выхад новай кнігі – гэта свята. Ведаю, што ты таксама прытрымліваешся таго, што трэба святкаваць кнігу, бо я ўдзельнічаў у адным тваім святкаванні кнігі. І гэта выйшла твая новая кніга, віншую з тваім чарговым святам.

– Дзякуй. Можа і не лічу гэта ўжо такім вялікім святам. Такое самае вялікае свята ў маім выпадку – гэта выхад першай увогуле кнігі. Мушу паглядзець дакладна ў каляндар, каб знайсці, калі гэта адсвяткаваць з сябрамі.

РР: Гэтая кніга незвычайная, а незвычайнасць яе ў тым, што яна выйшла па-польску і яна пісалася па-польску. Што здарылася? Чаму жыццё прымусіла цябе выпусціць такую кнігу?

– Першая задума была па-беларуску напісаць гэтую кніжку. І шмат чаго я напісаў, можа нават траціну таго, што маем цяпер, было напісана па-беларуску. Затым я, гэты быў імпульс такі, імгненне, задумаў перапісаць яе, нават не перакласці раней напісанае, а проста перапісаць усё па-польску. Шмат чаго адбылося на польскай мове ў маім жыцці. Я б не сказаў, што польская – гэта мне чужая мова. Але мне хацелася таксама данесці сваё слова да чытата ў Польшчы. Кніжка, як не дзіўна, усё ж такі застаецца беларускай: і мелодыка, і настрой гэтай кніжкі, і нават месцам лексіка мовы, яна таксама “скалечаная”, у добрым сэнсе гэтага слова, беларушчынай гэтая мая польская мова.

РР: Ведаю, што гэта досыць глупае пытанне, якое часам журналісты задаюць. Але ўсё ж такі, ці можаш ты сказаць сцісла, некалькімі словамі, пра што гэтая кніжка?

– Пра малое мястэчка, пра еўрапейскую правінцыю, пра мястэчка на ўскраіне гэтага еўрапейскага, афіцыйнага свету ці Еўразвязаўскага свету. І гэта таксама кніжка пра Гайнаўку, бо на аснове Гайнаўкі яна пісалася.

РР: Што далей, ці плануеш, каб яна выйшла па-беларуску, напрыклад? І калі перакладаць гэтую кніжку, то ты хочаш сам гэта рабіць, ці каб гэта зрабіў нехта ў Беларусі з перакладчыкаў?

– Напэўна, не сам. А можа пачнем з таго, ці я хацеў бы, каб яна выйшла на беларускай мове? Я думаю, што тут павінна іначай вырашацца гэтае пытанне. Калі хтосьці палічыць, што яна можа быць цікавая на беларускай мове, што яна можа быць цікавая беларускаму чытачу, тады павінен выступіць з такой ініцыятывай, каб перакласці гэтую кніжку, а я, напэўна, не супраць.

РР: А як ты бачыш жыццё гэтай кнігі ў літаратурнай прасторы Польшчы? Як яна будзе ўспрынята крытыкамі польскімі, медыямі польскімі?

– Выдаўцы плануюць паказаць гэтую кніжку ў Польшчы. Ці будзе зацікаўленне, абсалютна я не ведаю. Тут мая польская мова і беларускі настрой гэтай кніжкі могуць быць козырам, пабачым.

РР: Яшчэ раз віншую з выхадам кнігі. Дзякуй за гутарку.

– Дзякуй.

Ужо ў кастрычніку пачнецца болей шырокая прэзентацыя кнігі. Па словах Міхася Андрасюка, ёсць ужо першыя дамоўленасці на прэзентацыі ў Беластоку, Гайнаўцы, Варшаве і Гродна.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя