19-ці падазраваных надалей будуць утрымліваць пад вартай
Следства абрала меру – утрыманне пад вартай – у дачыненні да 19 падазраваных па справе аб масавых непарадках у Мінску 19 снежня. Усяго па справе праходзіць 22 асобы.
Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінска паведамляе: "Следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама арыштаваныя 19 асобаў, падазраваных у датычнасці да ўчынення злачынства, прадугледжанага артыкулам 293 КК РБ (масавыя непарадкі). Усе падазраваныя ўтрымліваюцца пад вартай у следчым ізалятары КДБ Рэспублікі Беларусь. Праводзяцца следчыя дзеянні".
Па словах адвакатаў затрыманых яны яшчэ не атрымалі ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі статус іх падабаронных.
Кажа адвакат Анатоля Лябедзькі Ірына Бурак:
– Ніякай пастановы аб падаўжэнні мер утрымання я не бачыла. Пакуль я не магу каментаваць гэты момант, таму што быццам пастанова ёсць, але я яе ані не атрымала, ані не бачыла.
Яшчэ два кандыдаты ў прэзідэнты Рыгор Кастусёў і Дзмітры Ус знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе, а кіраўнік штаба Саннікава Уладзімір Кобец знаходзіцца ў СІЗА КДБ трэція суткі пакуль са статусам затрыманага.