Адвакаты арыштаваных кандыдатаў у прэзідэнты накіравалі скаргу генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу ў сувязі з тым, што яны не могуць рэалізаваць права на сустрэчу са сваімі падабароннымі.
Пра гэта паведаміў адвакат Алеся Міхалевіча Алег Агееў:
– Я ведаю, што і ў гарадскую пракуратуру, і ў Генеральную пракуратуру сёння абскарджаны дзеянні супрацоўнікаў КДБ. Плюс у кнігу скаргаў і прапаноў Рэспубліканскага камітэта дзяржбяспекі адвакатамі ўнесены прапановы па арганізацыі працы для рэалізацыі правоў адвакатаў і іх падабаронных. Заўтра а 9-й ізноў адкрыецца бюро пропускаў, там, зразумела, будуць адвакаты, і я ў тым ліку, будзем чакаць калі ж у канцы канцоў дазволяць, упусцяць. Я са сваім падабаронным бачыўся пазаўчора, таму я, ў параўнанні з іншымі адвакатамі, у даволі прывілеяваным становішчы. Некаторыя з іх нават не бачылі сваіх падабронных.
Скаргу падпісалі таксама адвакат Андрэя Саннікава і Паўла Севярынца – Павел Сапелка, адвакат кіраўніка штаба Някляева – Ірына Мініна, адвакат Уладзіміра Някляева – Тамара Сідарэнка.
Акрамя таго, адвакаты пакінулі запіс у кнізе скаргаў і прапаноў у дзяжурнай частцы КДБ, дзе адзначылі, што існуючы парадак парушае правы адвакатаў на сустрэчу з падабароннымі.