Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі да турмы на вуліцы Акрэсціна, каб перадаць пасылкі зняволеным за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня.
Цёплыя рэчы, прадукты харчавання і кнігі разам са сваякамі перадавалі валанцёры грамадскіх арганізацый, а таксама былыя палітвязні.
Сярод тых, хто прыйшоў маральна і матэрыяльна падтрымаць зняволеных – Франак Вячорка:
– Салідарнасць зараз патрэбна больш практычна. Гэта дапамога тым, хто сядзіць у турмах. У шмат каго няма сяброў, знаёмых і сваякоў у Мінску. Я сёння прыехаў з Андрусём Крэчкам і прывёз пяць палітонаў старых, каб перадаць тым, каго мы не ведаем. Тым, каго мы ведаем – дапамога арганізваная, а той, каго не ведаем – сядзіць у холадзе і голадзе і не маюць ніякай падтрымкі. Зараз, няважна, хто з якой партыі, з якой арганізацыі, якога ўзросту, з якой мясцовасці паходзіць – зараз важна падтрымаць усіх, хто быў на плошчы. Усе мы сталі адной сям’ёю.
Як адзначыў Франак Вячорка, моладзевыя актывісты і неабыякавыя людзі працягваюць зборку неабходных рэчаў тым, хто зараз знаходзяцца ў мінскіх турмах.