Радыё Рацыя: Бібліятэка Kamunikat.org адзначае 10-годдзе

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя
30.09.2010 г.


Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org адзначае дзесяцігоддзе свайго існавання. У сталічнай галерэі "Ў" пры ўдзеле Беларускага гістарычнага таварыства і Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" адбылася прэзентацыя праекта, ініцыятарам якога з'яўляецца праграмны дырэктар Радыё Рацыя Яраслаў Іванюк.

Сярод гасцей мерапрыемства адзначыўся амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, галоўны рэдактар газеты "Новы час" Аляксей Кароль, пісьменнік Уладзімір Арлоў ды іншыя, а таксама шматлікія журналісты.

Імпрэза пачалася з пачастунка. Праўда, прапанавалі гасцям не прысмакі, а кнігі, выданні і часопісы выдавецтваў Падляшша, між іншым тыднёвіка беларусаў у Польшчы "Ніва", літаратурнага аб'яднання "Белавежа", Беларускага гістарычнага таварыства і Звязу Беларускай Моладзі.

На свяце выступіў стваральнік і каардынатар праекта Kamunikat.org, радыёжурналіст, праграмны дырэктар "Радыё Рацыя" Яраслаў Іванюк, а таксама беларуская журналістка з Польшчы, стваральніца беларускай бібліятэкі пры музеі Беларускай культуры ў Гайнаўцы Наталля Герасімюк.

Як зазначыла падчас прэзентацыі старшыня Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская, згуртаванне падтрымлівае Kamunikat.org з мэтай далучыць да беларускага літаратурнага скарбу людзей, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Паводле яе слоў, вельмі сумна, што беларуская дзяржава не аказвае падтрымкі такім праектам.

Старшыня Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская кажа, што гэтая віртуальная біблітэятэка робіць кнігі больш даступнымі:

– Тое, што выстаўляе Камунікат – гэта сапраўды кнігі, якія выходзілі невялікімі накладамі. Іх часам цяжка знайсці. І тым людзям, якія знаходзяцца на адлегласці ад Беларусі не заўжды атрымліваецца атрымаць гэтую гнігу, ці пачытаць гэтую кнігу. І таму інтэрнэт-бібліятэка – той інструмент, які адпавядае запатрабаванням. І тое, што гэты інструмент робіцца беларусамі, якія жывуць у Польшчы – гэта таксама сімвалічна. Бо гэта дэманструе нашу лучнасць, іх актыўнасць, іх дзейнасць, тое, што яны жывуць, тое, што яны працуюць, і тое, што яны робяць вельмі вартыя, годныя праекты.

Падчас імпрэзы адбылася таксама прэзентацыя праекта “Беларусы Польшчы” вачыма фатографа Андрэя Лянкевіча і канцэрт барда Алеся Камоцкага. Выступілі таксама Уладзімір Арлоў і навуковец Наталля Гардзіенка.

На сённяшні дзень у бібліятэцы Kamunikat.org знаходзіцца звыш 7 тысяч беларускіх публікацый – кніг, часопісаў, газет, mp3-файлаў, якія датычаць Беларусі ці беларусаў, багатыя зборы гістарычнай літаратуры.

Шырэйшы аўдыёрэпартаж са святкавання гадавіны бібліятэкі слухайце ў прыкладзеным аўдыёфайле.

Фота Наталлі Герасімюк

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя