![]() |
![]() |
Святлана Носава - са шпіталя на 10 сутак у турму
Удзельнікаў падзеяў на Кастрычніцкай плошчы выкрадаюць проста са шпіталёў, дзе яны апынуліся пасля збіцця амапаўцамі і міліцыянтамі.
Чарговае выкраданне адбылося сёння. Святлану Носаву са шпіталя адвезлі ў Савецкі РАУС, а пасля ў суд, дзе яе прысудзілі да 10 сутак.
Паведаміў грамадскі актывіст Франак Вячорка:
– Сёння я правёў сваю акцыю салідарнасці – я быў на судзе ў Святланы Носавай. У дзяўчынік была разбіта галава, некалькі ацёкаў на твары. Сёння са шпіталя яе завезлі ў суд, прысудзілі 10 сутак. Я вось толькі што з суда вяртаюся – пад уражаннем, усхваляваны, таму што Света ўся пабітая, на твары ацёкі, гузакі... Ёй далі 10 сутак – проста са шпітальнага ложка ў турму... Мяне гэта настолькі абурыла, разгневала, гэта неверагодна.
Як паведаміў Франак Вячорка, Святлану Носаву выкралі нягледзячы на тое, што ў дзяўчыны яшчэ не залечылі ўсіх ранаў, якія атрымала 19 снежня.
"На Акрэсціна сядзяць людзі і з паламанымі пальцамі ды рукамі, а ўлада азвярэла, будуючы 37 год", сказаў Франак Вячорка.