![]() |
![]() |
Гродзенскія сябры БНФ патрабуюць спыніць рэпрэсіі
Рада Гродзенскай гарадской арганізацыі партыі БНФ патрабуе ад беларускіх уладаў спынення рэпрэсій супраць удзельнікаў масавых акцый пратэсту 19 снежня 2010 года і заклікае прадстаўнікоў праваахоўных ворганаў неадкладна вызваліць людзей, якія безпадстаўна знаходзяцца ў турмах.
Адзінагалоснае рашэнне рада арганізацыі прыняла ў сувязі з тым, што захады беларускіх уладаў у дачыненні да ўдзельнікаў акцыі 19 снежня супярэчаць як міжнародным нормам права, так і канстытуцыі краіны, аб гэтым Рацыі паведаміў старшыня гродзенскай гарадской суполкі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
- Гэта былі правакацыі спецслужбаў, якія дзейнічалі ў цывільным. У сваёй заяве мы патрабуем неадкладнага спынення ўсякага пераследу ў дачыненні да ўдзельнікаў, як шараговых, так і тых людзей, якія зараз знаходзяцца за кратамі КДБ па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, па якіх узбуджана крымінальная справа.
У сувязі са шматлікімі парушэннямі падчас правядзення выбараў у рэгіёне, рада Гродзенскай гарадской арганізацыі партыі БНФ агучвае заяву ,згодна з якой не можа пагадзіцца з афіцыйнымі вынікамі выбараў. Палітычная кампанія прайшла са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, што засведчылі як незалежныя назіральнікі,так і давераныя асобы незалежных кандыдатаў, гаворыцца ў заяве.