Польскае радыё для замежжа: 10 гадоў інтэрнэт-скарбонцы інтэлектуальнага здабытку Беларусі

Бібліятэкар

Марыя Кароль, Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба
30.09.2010 г.


Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org адзначыла сваё дзесяцігодзьдзе. Яна ўзьнікла ў 2000 годзе як прыватная ініцыятыва й на працягу некалькіх гадоў існавала на грамадзкіх пачатках. З часам сьціплы збор публікацый беларусаў Беласточчыны, дзякуючы фінансавай падтрымцы польскага МЗС у рамках праекту "Польская дапамога", перарос у буйную й адну з найбольш папулярных беларускіх бібліятэк у сеціве.

Цяпер на рэсурсе можна знайсьці амаль 6 000 беларускіх публікацый – кніг, пэрыядычных выданьняў, mp3-файлаў, якія датычаць Беларусі ці беларусаў. Стваральнік і каардынатар праекту Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org Яраслаў Іванюк дзень народзінаў сайту зьвязвае з нараджэньнем свайго сына.

Яраслаў Іванюк: Я для сябе палічыў, што за такую дату буду прымаць 20 чэрвеня 2000 году, калі нарадзіўся мой сын. Бо мая жонка, калі была цяжарная сынам, навучыла мяне рабіць сайты. На самым пачатку Камунікат узьнік як бюлетэнь Беларускай рэдакцыі Польскага радыё. Да 2006—2007 году бібліятэка працавала на нашым энтузіязьме. Тым ня менш, мы змаглі сабраць за той час васемсот публікацый. Першымі кнігамі, што трапілі на Камунікат, быў Беларускі гістарычны зборнік, які й цяпер выдаецца Беларускім гістарычным таварыствам у Польшчы.

Цягам апошніх гадоў наведвальнасьць сайта істотна павялічылася, і цяпер штодзень на сайт заходзяць ад 1 да 2-х тысяч наведнікаў з усяго сьвету.

Старшыня Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская сказала, што згуртаваньне падтрымлівае Kamunikat.org, станоўча ацэньвае працу калектыву інтэрнэт-бібліятэкі й цешыцца, што інтэлектуальны скарб Беларусі захоўваецца й папулярызуецца ў сьвеце.

Ніна Шыдлоўская: Камунікат – гэта скарбонка беларускай нацыі. Гэта якраз тое, што фармуе й дапамагае разьвівацца беларускай нацыі. Беларусы Беласточчыны, як і беларусы Віленшчыны - гэта ня ёсьць дыяспара. І нават беларусамі замежжа іх можна лічыць толькі з пункту гледзішча дзяржаўных межаў, а не духоўнай еднасьці нацыі, бо гэта нашы этнічныя тэрыторыі. Беларусамі Беласточчыны выдаецца многа беларускіх кніг абсалютна рознага кшталту. На вялікі жаль, тэма беларусаў замежжа, беларускай дыяспары ў нашай краіне дасьледаваная недастаткова. Тое, што на сёньняшні дзень адсутнічае ў нашай краіне – гэта стварэньне нейкай асобнай структуры, а то й інстытута па пытаньнях беларускай дыяспары. Навукоўцаў, спэцыялістаў у гэтай галіне вельмі-вельмі мала. Адны з тых, хто насамрэч ведае тэндэнцыі, працэсы, якія адбываюцца й адбываліся ў беларускай дыяспары, гэта Натальля й Алег Гардзіенкі. Важна, каб тут, у Беларусі, і грамадзкія арганізацыі, што працуюць зь беларусамі замежжа, і дзяржаўныя структуры ведалі, што гэта такое, у чым адметнасьць і што рабіць. Бо на сёньняшні дзень патэнцыял беларусаў замежжа дзяржаваю выкарыстоўваецца вельмі мала.

Праз сайт Kamunikat.org ёсць магчымасьць для беларускіх пісьменьнікаў і дасьледчыкаў ствараць пэрсанальныя сайты.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, чые творы таксама ёсьць у інтэрнэт-бібліятэцы, гаворыць, што распаўсюд электронных вэрсій кніг не адбіваецца на чытацкім попыце.

Уладзімер Арлоў: Я раблю невялікі перапынак паміж выхадам кнігі з друкарні й разьмяшчэньнем яе ў інтэрнэце. Кнігі, якія разьмешчаныя на сайце Камунікату, і цяпер ёсьць у кнігарнях, і я б не сказаў, што заўважыў нейкае катастрафічнае падзеньне попыту на іх. Думаю, што цяпер ёсьць людзі, якія звыклі чытаць кнігі ў традыцыйным выглядзе, да гэтых людзей належу й я, і ёсьць тыя, каму няма розьніцы, ці гэта кніга ў папяровым, ці электронным выглядзе.

Стваральнікі інтэрнэт-бібліятэкі спадзяюцца, што з часам яна будзе разьвівацца і ўзбагачацца матэрыяламі. У плянах - пашырыць архіў электронных вэрсій незалежных СМІ ды літаратуры на гістарычную тэматыку.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё