Беларускія літаратары падпісалі ліст у абарону Някляева

Беларускія літаратары падпісалі ліст у абарону Някляева


Беларускія літаратары патрабуюць неадкладнага вызвалення былога кандыдата ў прэзідэнты, паэта Уладзімір Някляева і забяспечыць яму неабходную медычную дапамогу. Сярод падпісантаў - Генадзь Бураўкін.

Пад зваротам падпісаліся васемнаццаць выдатных беларускіх  пісьменнікаў і паэтаў. У тым ліку  Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч, Сяргей Законнікаў. Гэты зварот накіраваны перш за ўсё да сумлення беларускага грамадства, а не да чынавенства, лічыць народны паэт Беларусі Генадзь Бураўкін.    

- Я не веру, што будзе разумная, цывілізаваная, справядлівая рэакцыя з боку чынавенства, з боку тых, хто ў прынцыпе ўсё гэта і арганізаваў. Тое, што адбылося, гэта страшна, пра гэта не хочацца гаварыць. Даруйце, але пачынаеш успамінаць трагічныя, сумныя 30-ыя гады. Спадзяванне ў мяне адно, што ўсё такі грамадства, кажучы гучна, пачуе - пачуюць многія сумленныя людзі і ў Беларусі, і за межамі Беларусі.

Ужо шырока распаўсюджаны зварот выдатнага расійскага паэта Яўгена Яўтушэнкі, заявы прынялі шэраг пісьменніцкіх арганізацыяў суседніх з Беларуссю краін, і рэзананс, выкліканы падзеямі ў Беларусі, будзе шырыцца.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя