Беларускі рок-музыка Лявон Вольскі выступіў з ініцыятывай павіншаваць удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту ў Мінску, якія знаходзяцца за кратамі, з надыходзячымі святамі.
Для гэтага дастаткова даслаць ім святочную паштоўку. «Давайце разам створым сапраўдны Калядны цуд – асветлім змрочныя вязніцы!» - заклікае знакаміты музыка:
– Я раю па-просту пісаць лісты, у якіх не плакаць, не перажываць, а проста віншаваць, жадаць светлага, узнёслага, з надзеяй і верай у лепшую будучыню, і тым самым трошачкі палепшыць маральныя іхныя ўмовы існавання, бо там зараз вельмі цяжка. Ідэя святочнай паштоўкі звязаная з тым, што прапануецца шмат стандартных сцэнароў развіцця падзеяў – выйсці на вуліцу, напрыклад. Мне здаецца, зараз няма ніякага сэнсу ў выхадзе на вуліцу. Трэба дзейнічаць нейкімі метадамі, якіх не чакаюць.
Ініцыятыву Лявона Вольскага падтрымаў праваабарончы цэнтр «Вясна», на інтэрнэт-старонцы якога можна знайсці спісы асуджаных і адрасы месцаў зняволення (глядзець ТУТ). Кожны з нас можа далучыцца да гуманітарнай акцыі і падтрымаць тых, хто апынуўся за кратамі ў выніку брутальнага разгону мірнай акцыі пратэсту Плошча – 2010.
Зварот Лявона Вольскага:
Шаноўныя сябры!
Мы прапануем Вам паўдзельнічаць у гуманітарнай акцыі. У Беларусі напярэдадні Калядаў і Новага году шмат людзей апынуліся ў месцах пазбаўлення волі. Яны былі арыштаваныя за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску. Ім наканавана правесці Каляды і Новы год за кратамі. Гэта нявесела. Таму давайце крышачку расквецім іхнія шэрыя будні. Давайце напішам ім Калядныя паштоўкі! Канкрэтным людзям, у кожнага з якіх ёсць імя і прозвішча, праца, вучоба, каханне і ўлюбёная справа. Выберыце, калі ласка, сабе асобу, якой Вы напішаце Калядную паштоўку. І пачынайце. Толькі не трэба надрыву, пафасу і слёз. Арыштаваным і без гэтага нялёгка. Давайце павіншуем нашых вязняў светла, радасна і з верай у лепшае. Вы – вядомыя людзі. Дык давайце ж разам створым сапраўдны Калядны цуд – асветлім змрочныя вязніцы!
Лявон Вольскі&Krambambula-band
Яна Запольская, Радыё Рацыя