Эўрарадыё: Найбольшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка святкуе 10-годдзе

Бібліятэкар

Эўрапейскае Радыё для Беларусі
29.09.2010 г.


На сваё 10-годдзе інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org абвясціла пра падарунак чытачам: сканаванне легендарнай “Нашай Нівы” 1990-х.

29 верасня ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” адбудзецца святкаванне юбілею і афіцыйная прэзентацыя Kamunikat.org у Беларусі. Імпрэзу ладзіць Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Бібліятэка ўзнікла на пачатку 2000-х як прыватная ініцыятыва Яраслава Іванюка і яго сяброў. З часам збор публікацый беларусаў Беласточчыны перарос у агульнанацыянальны праект. Сёння, паводле наведнікаў, гэта адзін з самых папулярных і поўных беларускіх кнігазбораў у сеціве.

Усё пачалося з эфірных матэрыялаў “Польскага Радыё для замежжа”. Пазней сайт пачаў папаўняцца тэкстамі праграмы Яраслава Іванюка “Гістарычнае падарожжа”, якая складалася з інтэрв’ю гісторыкаў.

Яраслаў Іванюк: Мне падумалася, што найбольш патрэбнае ў беларускім сеціве – гістарычныя тэксты, якіх тады не хапала. На kamunikat перш за ўсе трапілі Беларускі гістарычны зборнік – перыёдык, які па сённяшні дзень друкуецца ў Беластоку Беларускім гістарычным Таварыствам.

Сёння на сайце можна знайсці амаль 7 тысяч беларускіх публікацый – кніг, газет, часопісаў, з’яўляецца ўсё больш mp3-файлаў - інтэрв’ю, размовы, радыёперачы.

У параўнанні з 2007 г. наведвальнасць сайта ўзросла ўдвая. Кожны дзень сайт адчыняюць ад 1 да 2-х тысяч наведнікаў не толькі з Беларусі.

Сайт мае багаты збор гістарычнай літараруты, недаступнай у звычайных бібліятэках Беларусі.

Яраслаў Іванюк: Па сутнасці, над сайтам працуе 4-5 чалавек. Ёсць яшчэ людзі, якія займаюцца сканаваннем, перакладам анатацый кніжак на польскую і англійскую мову. Калектыў сціплы, на маю думку, такой справай павінна займацца больш людзей, але такія магчымасці ў нас цяпер. У камуніката трохмоўнае меню.

Сярод аўтараў, якія публікуюцца на вітрыне кнігазбору - Рыгор Барадулін, Адам Глобус, Віктар Жыбуль, Уладзімер Някляеў і шмат іншых.

На сайце працуюць праекты “Беларускія аўтары” і “Беларускія выдаўцы і выдавецтвы”. Гэта дае магчымасць ствараць персанальныя старонкі аўтараў, рэестры беларускіх выдаўцоў і выдадзеных кніг. Усяго прадстаўленыя 12 выдавецтваў.

Яраслаў Іванюк: У бліжэйшы час да канца году на сайце kamunikat з’явіцца “Наша Ніва” 1990-х гадоў. Мы вырашылі адсканаваць усю “Нашу Ніву”. Разам з Сяргеем Дубаўцом, першым рэдактарам, прыйшлі да высновы, што гэта вельмі патрэбна. Камплектаў “НН” не так і шмат захавалася. Вось на kamunikat мы і прэзентуем усю “Нашу Ніву”, пачынаючы ад першых нумароў і, калі атрымаецца, поўны камплект да 2009 г. Есць таксама іншыя беларускія газэты з пачатку 90-х гадоў і іх таксама будзем сканаваць, змяшчаць. Гэта наша навейшая гісторыя, і мы яе будзем набліжаць. Ёсць яшчэ задумкі, але каб не сурочыць, не будзем пра іх гаварыць.

Да свайго юбілея kamunikat.org падрыхтаваў падарункі: новы дызайн, новыя магчымасці пошукавай сістэмы, новыя кнігі і гукавыя запісы.

Крыніца: Эўрапейскае Радыё для Беларусі