Праваабаронцы адсочваюць справы супраць актывістаў

Праваабаронцы адсочваюць справы супраць актывістаў


Праваабаронцы адсочваюць крымінальныя справы, распачатыя перад і пасля правядзеньня акцыі пратэсту па выніках прэзідэнцкіх выбараў.

Падазраванымі па справе паводле крымінальнаму артыкула "Масавыя беспарадкі" праходзяць 19 чалавек. Тры чалавекі, затрыманыя прэвентыўна, падазраюцца ў асабліва злосным хуліганстве, – паведамляе Праваабарончы цэнтр "Вясна":

– Па "хуліганстве" праходзіць Дашкевіч Зміцер, Лобаў Эдуард і Лазар Дзяніс. Гэта тыя, якія былі затрыманы прэвентыўна. Па крымінальнай справе праходзяць 19 чалавек – двое з іх неарыштаваныя, знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе і 17 чалавек, якія знаходзяцца ў зняволенні. Дакладна вядома тое, што сустрэліся з Міхалевічам, была сустрэча з Саннікавым. З адвакатаў узята распіска аб неразгалошванні. Толькі адвакат Саннікава заявіў, што Саннікаў знаходзіцца ў жахлівым стане, ён не можа самастойна перасоўвацца, у яго вялікія гематомы на целе, фізічна ён вельмі нездаровы, вельмі моцна збіты.

Адвакату кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча таксама не ўдалося сёння сустрэцца са сваім падабаронным.

Усё, што мы здолелі за сёння, то перадалі цёплую вопратку, ваду прымаць Статкевіч адмовіўся, – паведаміў адвакат Сяргей Марцалеў:

– Не, сёння мы не сустракаліся. Сёння былі праведзены следчыя дзеянні, да ўдзелу ў якіх адвакатаў не прыцягваюць. Сёння павінны былі вынесці рашэнне аб меры ўтрымання для асоб, якіх затрымалі 19 снежня – мерай такой можа быць падпіска аб нявыездзе, заключэнне пад вартай, або яшчэ нейкая іншая. Паколькі мне вядома, для ўсіх затрыманых 19 снежня па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, была пакінута ранейшая мера ўтрымання – заключэнне пад вартай.

Ужо вядома, што кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч будзе ўтрымлівацца пад вартай яшчэ сем дзён. Абвінавачанні яму пакуль не прад’яўленыя і ён застаецца ў якасці падазраванага.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя