Жонка Уладзіміра Някляева хоча ведаць, ці ён жывы

Жонка Уладзіміра Някляева хоча ведаць, ці ён жывы


19 снежня быў затрыманы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў – ягоны лёс дагэтуль, практычна, невядомы. Мы звярнуліся з пытаннем пра палітыка да ягонай жонкі Вольгі Валянцінаўны Някляевай.

– Мне таксама невядома, дзе мой муж. Я магу сказаць толькі, што ў 12 гадзін у СІЗА КДБ прынялі перадачу з рэчамі першай неабходнасці і цёплым адзеннем. Узялі перадачу не адразу – спачатку мне адмовілі, адсылалі адзін да аднаго і толькі як я патэлефанавала следчаму, там сталі разбірацца і дазволілі гэта перадаць. Калі я аддавала рэчы, я спыталася ці мой муж насамрэч тут, на што адказ быў ускосны – калі бярэм рэчы, гэта значыць ён тут. Вось так. Адвакат таксама не можа з ім звязацца, таму што з 10-ці раніцы чакае на прыём да следчага, які чамусьці ўвесь час заняты.

РР: Значыць ваш муж не можа ніякім чынам сустрэцца з адвакатам..?

– Не, не можа сустрэцца, хаця ён першы ў чарзе. Там два пакоі і яны занятыя.

РР: Сёння спаўняюцца тры дні з моманту затрымання. Чакалася, што або адпусцяць, або будуць прад’яўлены абвінавачанні..?

– Не, у гэтым пытанні таксама нічога невядома...

Гутарку Валянціны Лаеўскай з Вольгай Няляевай слухайце цалкам у прыкладзеным аўдыёфайле.

Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя