Партыя БНФ праводзіць кампанію дапамогі арыштаваным
У Мінску праходзіць кампанія падтрымкі арыштаваных на акцыі 19 снежня. На заклікі ў інтэрнэце адгукнуліся дзесяткі неабыякавых людзей, якія прыносіць цёплыя рэчы і грошы на сядзібу Партыі БНФ, каб падтрымаць тых, хто апынуўся ў турме.
Дзясяткі валанцёраў пакуюць універсальныя перадачы, якія потым развозяцца па турмах у Мінску і Жодзіна. Дар’я Каткоўская, адна з тых, хто каардынуе дапамогу, кажа, што патрэбы ў цёплых рэчах і сродках гігіены для зняволеных ужо няма, але не хапае валанцёраў:
– Зараз найвялікшая патрэба не ў рэчах, а ў першую чаргу ў людзях і таксама ў грошах, бо мы даем людзям грошы на таксоўкі – у нас вельмі шмат пакетаў і немагчыма ехаць грамадскім транспартам. Нам трэба людзей, якія будуць ездзіць туды і перадаваць рэчы і тут на офісе дапамагаць пакаваць іх, падпісваць, весці спісы і каардынаваць.
Далучыцца да валанцёраў кампаніі па падтрымцы зняволеных можна на сядзібе БНФ, якая працуе з 9-ай раніцы да 20-ай вечара. Мяркуецца, што перадачы будуць збірацца да 24 снежня. Пасля гэтага кампанія не згортваецца, яе ўдзельнікі будуць сустракаць арыштаваных па выхадзе з турмы.
Першыя асуджаныя ўдзельнікі акцыі 19 снежня выйдуць на волю 29 снежня.