Клуб каталіцкай інтэлігенцыі салідарны з рэпрэсаванымі
Варшаўскі Клуба каталіцкай інтэлігенцыі распаўсюдзіў зварот з нагоды падзей 19 снежня ў Мінску.
Памятаючы ўласны досвед камуністычнай дыктатуры, мы ў поўнай меры салідарныя з беларускім грамадствам у ягонай барацьбе за праўду і дэмакратычныя свабоды. У сувязі з жорсткім разгонам мірнай дэманстрацыі ў Мінску ды масавымі арыштамі яе ўдзельнікаў Клуб каталіцкай інтэлігенцыі ў Варшаве выказвае моцную занепакоенасць і абурэнне дзеяннямі Аляксандра Лукашэнкі ды падлеглых яму органаў, – чытаем ў заяве.
Сакратар управы клуба Якуб Кярсноўскі адзначае, што Клуб каталіцкай інтэлігэнцыі даўно ўжо супрацоўнічае з грамадзянскай супольнасцю Беларусі:
– Тых, хто ў турме, мы можам падтрымаць добрым словам і малітвай, але калі яны выйдуць, дык іх у большасці павыдаляюць з вучэльняў. Мы радыя сённяшім словам нашай міністр, якая заклікае рэктараў польскіх вучэльняў прымаць туды студэнтаў, радуемся, што дапамога такая будзе. Мы таксама стараемся дапамагчы – у нас свой стыпендыяльны фонд, будзем падтрымліваць асобы, якія сюды прыедуць. На жаль, ім некаторыя час трэба будзе тут перачакаць, але мы ведаем, што яны думаюць пра сваю краіну, што яны туды вернуцца ды будуць новымі кадрамі, якія павядуць Беларусь.
Застаючыся вернымі ідэі "салідарнага" імкнення да зменаў, заклікаем улады Польшчы і Еўрасаюза задзейнічаць усе магчымыя сродкі, дзякуючы якім няўрадавыя арганізацыі змогуць аказаць эфектыўную дапамогу ахвярам рэпрэсій, а таксама арганізаваць дзейнасць на карысць дэмакратызацыі жыцця ў Беларусі.
Заклікаем таксама усю беларускую апазіцыю, каб яна – памятаючы польскі прыклад "Салідарнасці" – аб’ядналася ў барацьбе за праўду, чытаем у заяве Клуба каталіцкай інтэлігенцыі.