|
|
У Менску прайшоў IV фестываль беларускамоўнай рэкламы
Усё больш кампаній замаўляюць рэкламу на беларускай мове. З такой заявай выступіў суарганізатар фестывалю беларускамоўнай рэкламы “AD.NAK!” і каардынатар праекту “Marketing.by" Сяргей Скараход.
Паводле ягоных словаў, беларускасць – гэта дадатковы элемент крэатыву у час, калі расійская мова заняла амаль усе нішы інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы. Тым не менш, замоўцам рэкламы трэба быць больш смелымі і рашучымі ў выбары на карысць менавіта беларускай мовы, падкрэсліў Сяргей Скараход:
- Быў у нас у нерэалізаваных праектах ролік адной беларускай кампаніі, дзе першапачаткова прапаноўвалася беларуская мова, але кліент выбраў расійскую. Гэта сведчыць пра тое, што сёння адбываецца. Я заклікаю быць смялейшымі, таму што агенцтвы гатовыя рабіць цікавыя крэатыўныя рэкламы, фестывальныя і не толькі.
Беларуская мова – сёння ў трэндзе, сцвярджае арганізатарка фестывалю беларускамоўнай рэкламы "AD.NAK!" і каардынатарка праекту “Будзьма беларусамі” Ніна Шыдлоўская:
- Мы спраўджваем сваю дзейнасць яшчэ праводзячы сацыялагічныя апытанні па ўсёй Беларусі. Паўтара года таму толькі каля 36% людзей хацела бачыць больш рэкламы на беларускай мове, а зараз гэтая лічба дасягнула амаль 60%.
Беларуская мова - гэта не толькі модна, але і камерцыйна карысна, сцвярджаюць арганізатары і лаўрэаты IV фестывалю беларускамоўнай рэкламы “AD.NAK!” Па словах крэатыўнага дырэктара кампаніі “Prквадрат” Уладзіміра Магіляўца, беларуская мова – гэта дадатковая магчымасць для кліента прасунуць і папулярызаваць свой праект.
Беларускамоўнай рэкламы стала больш, яна прыцягвае больш увагі, а таму можна толькі параіць замоўцам не губляць магчымасці апынуцца ў трэндзе, падкрэсліў Уладзімір Магілявец.
- Беларуская мова – гэта магчымасць зрабіць сацыяльныя праекты ў Беларусі, таму што гэта балючая тэма. А сацыяльныя праекты заўжды прыцягваюць больш увагі, таму, як толькі ты робіш хацяб з маленькім адценнем сацыяльны праект, гэта прыцягвае ўвагу. А беларуская мова зараз прыцягвае ўвагу. Гэта мажліва прагучыць крыху карысліва, мы выкарыстоўваем гэта як інструмент, але, у сваю чаргу, гэта такі тандэм, які нясе карысць беларускай мове.
На сёлеташнім фестывалі “AD.NAK!” было прадстаўлена 304 працы ад 105 удзельнікаў. Арганізатары фестывалю спадзяюцца, што праца ў кірунку беларускасці ў сферы рэкламы і маркетынгу будзе толькі развівацца і наступныя фестывалі будуць яшчэ больш масавымі.
Вольга Чарных, Беларускае Радыё Рацыя, Менск