У Берасці пачала працу фотавыстава “Тэатр у аб’ектыве”

У Берасці пачала працу фотавыстава “Тэатр у аб’ектыве”


У Берасці пачала працу фотавыстава “Тэатр у аб’ектыве”. На яе адкрыцці былі падведзеныя вынікі аднайменнага конкурса для фатографаў, якія асвятлялі міжнародны фестываль асобых тэатраў “Непратаптаны шлях-2013”.

Два першых месца заняў фатограф Сяргей Талашкевіч, лідарамі ў яшчэ дзвюх намінацыях сталі Віталь Дарашук і Ёанна Штомпка з Любліна.

Па словах каардынатара праграмы “Непратаптаны шлях” Ірыны Трацюк, выстава мае мэту фарміраваць пазітыўнае стаўленне грамадства да інвалідаў.

– Мы рэальна разумеем, што гэта вельмі глабальная мэта. Мы не можам гэтай мэты дасягнуць за год, за два, за пяць, але мы гэта робім, таму што ў прынцыпе вынікі ўжо ёсць, мы іх бачым. Да нас звяртаецца шмат людзей і многія нават па сваім досведзе распавядаюць пра тое, як іх стаўленне да інвалідаў змянілася. Людзі прымаюць інвалідаў такімі, якія яны ёсць.

Выстава-конкурс “Тэатр у аб’ектыве” праводзіцца трэці раз. Сёлета ў ім прынялі ўдзел толькі сем фатографаў. Найбольшую актыўнасць майстры творчых здымкаў праявілі ў мінулым годзе.

Працы мінулагодніх пераможцаў таксама прадстаўленыя на выставе. “Тэатр у аб’ектыве” працуе ў фае кінатэатра “Беларусь” да 10 ліпеня.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя