Рыгор Кастусёў абскардзіў вынікі прэзідэнцкіх выбараў
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Рыгор Кастусёў падаў скаргу ў Цэнтрвыбаркам аб непрызнанні вынікаў выбараў. Палітык падаў яе ад свайго імя ды ад імя затрыманых кандыдатаў, якія магчымасці такой былі пазбаўлены.
Паводле патрабаванняў, вынікі выбараў могуць быць аспрэчаны цягам трох дзён, прычым скаргу мусіць падаць асабіста кандыдат у прэзідэнты. Кандыдат ад партыі БНФ у апошні момант паспеў прынесці дакумент у Цэнтрвыбаркам. Цягам дня ён знаходзіўся на допыце ў КДБ.
Кажа старшыня партыі Аляксей Янукевіч:
– Скарга ад імя Рыгора Кастусёва аб прызнанні выбараў па краіне цалкам несапраўднымі сёння пададзеная. Да скаргі далучаецца абаснаванне, далучаны дыск з матэрыяламі аб грубых парушэннях выбарчага заканадаўства – перад усім сведчанні назіральнікаў, сяброў некаторых камісіяў на ўчастках. На падставе гэтага ўсяго Рыгор Кастусёў ад свайго імя, а таксама ад імя – пра гэта ўказваецца ў скарзе – тых кандыдатаў, якія знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ, гэта: Някляеў, Рымашэўскі, Міхалевіч і Саннікаў, звяртаецца са скаргай і просіць прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі.
Рыгор Кастусёў – адзіны кандыдат, які здолеў падаць заяву аб непрызнанні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Іншыя кандыдаты – Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі і Мікола Статкевіч ад 19 снежня знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ, таму свае скаргі асабіста, як таго патрабуюць у ЦВК, занесці не здолелі.