Гайнаўшчына адсвяткавала “Крыначку”

Гайнаўшчына адсвяткавала “Крыначку”


Трэці дзень свята Тройцы традыцыйна ўрачыста адзначылі на Гайнаўшчыне. У першай палове дня шматлікія вернікі збіраюцца ў святым месцы - Крыначцы, а ўвечары ладзіцца беларускі народны фэст.

Спалучэнне такіх двух святаў невыпадковае. Кажа адзін з арганізатараў фэсту, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Ян Сычэўскі:

- Ёсць вялікі сэнс спалучэння дзвюх вартасцяў – праваслаўя і беларускай культуры, беларускай нацыянальнасці – і ў адну, калі людзі моляцца, а пасля паслухаюць песні, пагуляюць, пакажуць такім чынам сваю тоеснасць – і праваслаўную, і беларускую.

- Сэрца радуецца. Гэта наша культура, якая не замірае. Яна ўвесь час у нашых сэрцах. Мы перадаем яе нашым дзецям. Вам не пераказаць, як нам добра, як радуюцца нашыя сэрцы.

На фэсце “Крыначка” выступілі мясцовыя калектывы, якія дзейнічаюць пры гайнаўскім Доме культуры, прыехалі ўдзельнікі з іншых мясцовасцяў Беласточчыны, у тым ліку “Прымакі” з Міхалова і “Гай” з Беластока. Беларусь прадстаўляў калектыў “Бацька-атаман” з Менска.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя


Фота Хрыстафора Ангельчыка

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя