|
|
22 чэрвеня 2013 года споўнілася дзесяць гадоў са дня смерці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
У гэты дзень а дзясятай раніцы да яго магілы на Усходніх могілках у Мінску ўсклалі кветкі калегі, прыхільнікі таленту Васіля Уладзіміравіча. Ушанавалі памяць Быкава старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, першы намеснік старшыні СБП Алесь Пашкевіч, кіраўніцтва Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, сакратар Саюза беларускіх пісьменнікаў Сюзанна Паўкштэла.
Васіль Быкаў вядомы не толькі як пісьменнік, але і як грамадскі дзеяч — творца быў першым прэзідэнтам ЗБС “Бацькаўшчына” з моманту заснавання арганізацыі і да 1993 года.
Адначасова да месца спачыну Васіля Быкава прыйшла дэлегацыя Амбасады Украіны ў Рэспубліцы Беларусь на чале з аташэ па культуры Амбасады Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Васілём Бондарам. Далучыліся да ўскладання кветак прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары ў Беларусі разам з намесніцай старшыні беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра” Таццянай Бей.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"