Праваабаронцы прадставілі вынікі назірання за выбарамі

Праваабаронцы прадставілі вынікі назірання за выбарамі


Валянцін Стэфановіч з Праваабарончага цэнтра "Вясна" ды Алег Гулак з Беларускага хельсінскага камітэта прадставілі ў Варшаве вынікі працы незалежных назіральнікаў падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Вынікі адназначна паказваюць шмат парушэнняў з боку прадстаўнікоў выбарчых камісіі.

Па словах Валянціна Стэфановіча, галоўны закід назіральнікаў да працы выбарчых участкаў гэта адсутнасць дэталізацыі працэдуры падліку:

– Выбарчы кодэкс утрымлівае вельмі размытую фармулёўку, у якой напісана, што выбарчыя камісіі прыступаюць да падліку галасоў, але не напісана якім чынам. Мы назіралі адначасова падлік галасоў усімі членамі камісіі. Усе 12 чалавек становяцца вакол стала і кожны лічыць нейкі стос бюлетэняў. Гэтая працэдура, якую мы назіраем не толькі падчас гэтых выбараў, але і раней – яна цалкам нетранспарэнтная.

У час сустрэчы Алег Гулак з Беларускага хельсінскага камітэта расказаў, што 19 снежня яго затрымалі нягледзячы на тое, што ён даказаў міліцыянтам, што з’яўляецца назіральнікам і мае дазвол на адсочванне падзеяў:

– Тыя людзі, якія затрымлівалі – яны не хацелі нічога слухаць. Ім, відавочна, было ўсё адно, яны не баяліся нейкай адказнасці, не баяліся, што з імі нехта будзе разбірацца, таму яны так дзейнічалі. Скажу, што затрыманне было дастаткова карэктным, ніхто мяне не біў, ні моцна не штурхаў.

Алег Гулак дадаў, што ў гэты момант праваабарончыя арганізацыі спрабуюць арганізаваць дапамогу зняволеным – як юрыдычную, так і зборку адзення.

Міхась Сцепанюк, Радыё Рацыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя