Віцебск і Полацк пазнаёмяцца з Інтэрнэт-бібліятэкай “Kamunikat.org”

Віцебск і Полацк пазнаёмяцца з Інтэрнэт-бібліятэкай “Kamunikat.org”


Ужо неўзабаве жыхары Віцебска і Полацка змогуць пазнаёміцца з  Беларускай Інтэрнэт-бібліятэкай “Kamunikat.org”. Менавіта ў гэтых гарадах у бліжэйшы панядзелак і аўторак пройдзе прэзентацыя сайта. Пра тое, што можна знайсці на старонках Kamunikat.org, а таксама пра планы інтэрнэт-бібліятэкі расказаў заснавальнік партала Яраслаў Іванюк.

- Хочам прадставіць удзельнікам гэтых прэзэнтацый усё тое, што можна знайсці ў нашай бібліятэцы – гэта сучасныя кнігі і прэса, архіўныя нумары беларускай прэсы, файлы аўдыё-, відэа- і тэлеперадач. Але заўсёды на такія прэзентацыі бяром з сабою людзей, якія звязаныя з намі – гэта аўтары, музыкі, барды, якія з намі супрацоўнічаюць. У Полацк і ў Віцебск з намі паедуць Алесь Краўцэвіч – аўтар кнігі пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, якая нядаўна пабачыла свет. Таксама ў Полацку і Віцебску з невялікім канцэртам выступіць бард Алесь Камоцкі. Акрамя гэтага хочам паказаць фільм Андрэя Лянкевіча пра беларусаў Польшчы.

РР: Ці адчуваецца на прэзентацыях зацікаўленасць беларускай літаратурай, змешчанай у інтэрнэт-бібліятэцы?

Яраслаў Іванюк: Пра зацікаўленасць беларускай літаратурай найлепш сведчыць тое, што старонка кожны дзень адкрываецца ад 1, 5 да 3 тысяч разоў. Таму ніхто не можа сказаць, што беларуская літаратура незапатрабаваная. Мы ўжо некалькі гадоў займаемся адлічбоўкай беларускай прэсы. Адлічбавалі архіўныя нумары газеты “Наша Ніва”, “Свабода”, “Навіны”, адлічбоўваем “Пагоню”, “Наша слова”.

РР: Што новага “Kamunikat.org” рыхтуе для сваіх інтэрнэт-чытачоў?

Яраслаў Іванюк: Працэс адлічбоўкі будзе працягвацца. Неўзабаве пачнем адлічбоўваць газету “Згода” і часопіс “Крыніца”. На прэзентацыях у Магілёве і Гомелі мы пазнаёміліся з новымі аўтарамі, з якімі дамовіліся наконт таго, каб размясціць іхныя творы на старонках інтэрнэт-бібліятэкі. Адлічбоўка чакае звыш 700 кніг. Неўзабаве адлічбуем такое рарытэтнае выданне як гадавік “Хрысціянская думка” за 1928-1930 гады. Гэтыя нумары захаваліся ў прыватнай асобы з Сакольшчыны. Маем дзясяткі адлічбаваных брашураў і кніжак з міжваеннага дваццацігоддзя. Неўзабаве пачнем адлічбоўку беларускай прэсы, якая выходзіла ў часы нямецкай акупацыі ў Беластоку. Нумары гэтай прэсы захаваліся ў архіве Георгія Валкавыцкага.

Прэзентацыя Беларускай Інтэрнэт-бібліятэкі “Kamunikat.org” пройдзе 24 і 25 чэрвеня ў Віцебску і Полацку. Як распавёў заснавальнік партала Яраслаў Іванюк, у планах ёсць таксама наведванне з прэзентацыяй “Kamunikat.org” раённых цэнтраў Беларусі такіх як Маладэчна, Салігорск і Бабруйск.

З Яраславам Іванюком гутарыла Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя