Васіль Макарэвіч. Празорца -- паэма памяці Васіля Быкава


У бліжэйшых нумарах "Літаратурнай Беларусі" можна будзе прачытаць паэму Васіля Макарэвіча, прысвечаную Васілю Быкаву. Прадстаўляем вашай увазе фрагменты з гэтага твора.

Васіль Макарэвіч

Празорца

Светлай памяці Васіля Быкава

Фрагменты з паэмы

1

Не слухаў ён
Ні гімнаў, ні канцон.
А днямі без адхлання і прадухі,
Мо тысячу, не меней, верацён
Круціў перад сабой,
Як папрадуха.
 
І на здзіўленне
Шчыруноў-ткачоў
На іх ён вёў не залатую нітку,
А чэргі кулямётных станкачоў
І трасы залпаў кожнае
Зеніткі.
 
На кроснах,
Што з мярэжамі нітоў, –
У шынялі, на ветры парыжэлым,
Ткаў рупна бёрдам агнявых франтоў
Палотны перамог
І паражэнняў.
 
Хоць час кідаў
Каменні ды глыжы,
Заносіў сцежкі жвірам і снягамі,
А вёрсты ўсцяж, нібыта панажы,
Уверх-уніз хадзілі
Пад нагамі.
 
Яснеў абсяг,
Ярчэй рабіўся зрок.
Душу, здаецца, працінала токам.
І вострай думкі точаны чаўнок
Мільгаў у кроснах з ніткаю
Утоку.
 
Ён добра знаў,
Што не адзін быў ткач.
Іх меліся брыгадныя арцелі.
Дзяругі ткаў ля партача партач,
Як за сцяной крамлёўскаю
Хацелі.
 
                  А ён не раз
                  Біў у сцяну плячом,
                  Пратэставаў наўмысна, а не здуру.
                  Бо не жадаў прыдворным стаць ткачом,
                  Прадажным трубачом
                  І трубадурам.
 
З размахам
Грозных франтавых атак,
Не тых, што са штабной аранжарэі,
Ён бёрдам грукатаў і гракаў так,
Аж недзе Віслы берагі
Дрыжэлі!
 
І не хацеў
І хвілі нават быць
У тым аркестры, што зрабілі зводным.
Ды ў барабан, як доўбняй, ззаўха біць
І ў ім лічыцца радавым
Ці ўзводным.
 
Ён пасміхаўся
З млына, што малоў
І так грымеў, нібыта ў апраметнай,
Не пад Масквой, а на Зямлі Малой
На кон стаўляўся лёс
Другой сусветнай.
 
Хоць гул баёў
Даўно ўжо ацішэў,
І мірна дні па ўсёй зямлі ступалі,
З яго акопаў дымных і траншэй
Вайны святая праўда
Праступала.
<...>
4
 
Паўпраўды
Ненавідзеў ён эрзац.
Ці не таму цэкоўцы, нібы магі,
Падачкамі хацелі прывязаць
Да звэдзганай дзяржаўнай
Калымагі.
 
І ўпарта
Падступалі зноў і зноў, –
А мо на іхні лад залямантуе?
На грудзі ўзвезлі фуру ардэноў
І прышпілілі Зорку
Залатую!
 
А ён,
Нібы фарватэрам рачным,
Ішоў супраць цячэння, сілы воднай.
І дзеля ўлад слухмяным і ручным
І хвілі не зрабіўся
Аніводнай!
 
Калісьці сам,
Да грознае вайны,
Падаўся ў свет з нямога захалусця.
І больш, відаць, ад звадаў сатаны
Ён ненавідзеў здраду
І халуйства.
 
Хаця, шчырун,
З усімі ў смагу смаг
І мудраваў над скрыняю Пандоры,
Яго імя з цэкоўскіх хтось дзяляг
Пад звягаю крамлёўскай
Прышпандорыў.
 
Як быццам
Не прасіў – патрабаваў,
Каб за мяжу, без каліва вагання,
Франтавіка былога трыбунал
Турнуў, нібы злачынцу,
У выгнанне!..
 
Зямля і свет
Хадзілі хадуном,
Аж з неба пух ляцеў, нібы з пярыны.
І сам ён задыхаўся дзень за днём,
Нібы ў гарачым воблаку
Парыльні.
 
Ад духаты
Ішлі ў вачах кругі.
І, каб у ёй дарэшты не зварыцца,
Ён вырваўся ў фінляндскія снягі,
Нібыта з цеснай клеткі
Ці звярынца.
І ўдзячны,
Як брыльянту, ледзяшу
З сяброўкаю, зацятаю самотай,
Студзіў падоўгу сэрца і душу,
Зарыўшыся ў глыбокія
Сумёты.
 
Пасля, як дома,
З венічкам удвух
Спяшаўся бегма на палок у лазню.
Ды з цела выганяў паганы дух,
Нібы сектанта-трасуна
Ці блазна.
 
Зіма ляжала
У лясной глушы,
І цішыня плыла з-за гарызонта.
А ён у сотнях вод змываў з душы
Абразу, звягу, горыч
І згрызоты.
 
Бы раскусіў
Ён мудрасці арэх,
Паверыўшы у франтавое брацтва.
І вылятаў у прадсвітальны снег
З парыльні-астматычкі
Навабранцам.
 
Ды кроіў зноў
Пласты жыцця, бы торф,
Пад блізкія ускрыкі: “Віра”, “Майна”!
Яго пазваў гасцінны Дзюсельдорф,
Каб жыць ён мог у Франкфурце-
На-Майне!
 
У новы век –
Інакшыя часы.
Сустрэчы з прымірэннем у кілішку,
Без вусцішнай нейтральнай паласы,
Франтавікоў і ворагаў
Калішніх.
 
І кожны,
Ветэран і афіцэр,
Глядзеў і мружыў вейкі вінавата,
Нібы ўзіраўся толькі што ў прыцэл
Артылерыйскай франтавой
Гарматы.
 
Ён баразну
І там вярнуў ды гнаў.
Вайны прарэхі безупынна латаў.
А век з вайной і за мяжой дагнаў,
Паклаў яго ў бальнічную
Палату.
5
 
                  Спакойнай Празе
Буркнуў ён: “Бывай!” –
Падрэзаны хваробай, што пілою.
Хоць там і не павіннасць адбываў, –
Дадому вырываўся,
Як з палону.
 
Маленькі,
А злавесны, вузялок,
Якому й ведзьмакі не будуць рады,
Дармо што дзесь не глыбака залёг, –
Ды не далі яму хірургі
Рады.
 
Пакуль ён рыўся
Ў справах, бы ў пясках,
Не моўкнуў гул, нібы на пераправе:
Дамоў ці варта ўрэшце адпускаць?
На рызыку ніхто не мае
Права!
 
А – лекі?
І Нью-Ёрк і Галівуд –
У іх даляраў, як на звалцы смецця! –
Дастануць не таблетку – проста цуд,
Што гарантуе сто гадоў
Бяссмерця!
 
А што ён мог
Сказаць ім у адказ?
Хіба спяшаўся піць з уладай брагу? –
Зірне ён на Прыдзвінне толькі раз
І, як абруч, пакоціцца
У Прагу!

Рыпелі дзесь,
Аж вылі палазы,
І песня ў лад прасіла, як і трэба:
– Аэрадромшчык, друг, перавязі
На бок другі Еўропы
Цераз неба!
 
І, як ішло
З аддаўненых часін,
З адненькім пёркам і, амаль улегцы,
Вяртаўся ён дамоў, як верны сын,
Каб у зямлю бацькоў
                  Навекі легчы!
 
Не дзеля шыку
Вольны час знайшоў,
І, як падчас былых гадоў застойных,
Калішніх зноў сабраў таварышоў,
Наладзіў з добрай гаманой
Застолле.
 
Як быццам рысу
Пад жыццём падвёў,
Згадаўшы нейкі там наказ прабабчын.
А што з вяртаннем дружбакоў падвёў, –
Няхай пасля нябожчыку
Прабачаць!
 
Ззяў летні дзень,
То зноў плыла імгла.
Каціўся быт па вызнанай калейцы, –
Сачылі пільна здані з-за вугла,
Каб часам ён не выкінуў
Каленца.
 
Хто ведаў,
Што уздрыгнуць і віжы,
Зайздроснікі прыціхнуць пад брылямі,
Калі памчаць па кальцавой шашы
Яго на “хуткай” прама
Ў Бараўляны.
 
Адкрыў павекі –
Дактары наўкруг!
І ў міг апошні і жыцця і скону
Пабачыў ён, як скача цераз луг
Табун чырванагрывых
Пудкіх коней.
6
 
Пасля густых
Захлёбістых залеў,
Калі раскошна травіне і красцы, –
Нябожчыкаў такіх бы ў маўзалей,
А не ў пясок, і ў дамавіне,
Класці!
 
Хоць не сказаў
І ў тастаменце ён
Пра пахаванне, не зрабіў і коскі, –
Яго прыняў жалобны пантэон
У вечны спрат, каля шашы
Маскоўскай.
 
А лепшы друг,
Без джалістай пілы
І без рэкламнай хітрай буфанады,
Ў Фінляндыі сасватаў паўскалы,
І ў Мінск прывёз, як глыбу
Рафінада.
 
А дома,
Як заўсёды, нелады –
З ёй у сцяну упёрся і – ні з месца!
І не таму, што глыба на клады
Цераз вароты не магла
Пралезці.
 
За вокнамі
Цадзіліся дажджы,
І гул і тлум стаяў, як у прадзільні:
Чаму вось гэта глыба – з-за мяжы,
А не з узлесся ці палёў
Прыдзвіння?!
 
Ноч напралёт
У кабінетах соп
Давераны сінкліт заканадаўцаў:
Мажліва, зноўку Захаду падкоп,
А ці хітрушчы дар пралаз
Данайцаў?
 
Мо трэба ім
Трывожна ў рэйку біць –
Ён, камень, з гор прывезены ці з ляда,
Сабой натурай рознай можа быць –
І стаць прамой пагрозаю
Для ўлады!
 
Заслала неба,
Пэўна, так імглой,
Ці легла ноч па-над зямлёй скразная, –
Сказаць канкрэтна, што дапамагло,
Ніхто дасюль не можа
І не знае.
 
Мяняючы
Не меней сотні поз,
Падобны да калішніх балаголаў,
На край магілы камень сам дапоўз
І звесіў па-над ёю нізка
Голаў.
 
Дзень зіхаціць,
Шапоткі дождж імжыць,
Ці гром рване меч бліскавіцы з похваў, –
Глядзіце – тут, пад каменем, ляжыць
Не проста прах, а болей,
Чым эпоха!
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Крыніца: Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"