|
|
Гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч прэзентаваў 18 чэрвеня жыхарам Гародні сваю новую кнігу “Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага”.
Паводле словаў гісторыка, гэтая кніга — галоўны праект яго жыцця, рабілася яна болей за 10 гадоў, і цяпер плануецца працяг. Сама кніга — гэта манаграфія з цытатамі з летапісаў і архіўных дакументаў, зробленая так, каб “яе хацелася ўзяць у рукі і прачытаць”.
Пачалося невялічкае прадстаўленне трохі суха з расказу пра саму кнігу, але затым ад аўтара паляцелі пытанні: пра дзяцей Войшалка, пра першага ўладара ВКЛ, пра каранаванне Міндоўга і шмат іншых. Амаль трыццаць пытанняў, сярод якіх былі і такія, на якія гарадзенцы не маглі адказаць. Прафесар даваў адказы сам. Пераможцамі ў такой міні-віктарыне зрабіліся студэнт гарадзенскага гістфака, выдавец з гарадзенскай фірмы і выкладчык гісторыі адной з гарадзенскіх школ.
Сябра прафесара, гарадзенскі гісторык і рэстаўратар Уладзімір Кіслы, расказаў пра піянерскае дзяцінства Краўцэвіча і пра тое, як гісторык выбраў свой шлях.
Скончылася прадстаўленне кнігі віктарынай, дзе можна было выйграць прызы і падарункі ад Белсата, а таксама кніжкі аўтара.
Прэзентацыя сабрала ў адным з гарадзенскіх дворыкаў больш за 70 чалавек і, паводле словаў прысутных, нагадвала “разгул дэмакратыі сярэдзіны 90-х”.
Выдаўцом кнігі і арганізатарам імпрэзы ў Гродна была выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка”.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі