|
|
Як зрабіць родных сталымі прыхільнікамі сучаснай беларускай літаратуры?
Першы крок: набываем электронную чыталку. Пажадана без доступу ў інтэрнэт (бо будуць пампаваць сваё ражно самастойна і чытаць яго замест таго, каб займацца асветай!).
Другі крок: пхаем у чыталку тых Куэлью, Марыніных, Акуніных, Марцінаў ці Роўлінг, якіх яны ведаюць і спажываюць. Гэта трэба, каб увесці ў зман іх свядомасць, прадэманстраваць, што там, у чыталцы, знаходзіцца ўсё тое, да чаго яны прызвычаіліся ў сваім “папяровым жыцці”. Да гэтага паскудства ў стыхійным парадку дадаём беларускія кніжкі з майго спіса. Падчас чытання роднымі беларускамоўных кніг знаходзімся ўвесь час побач, каб адказаць на пытанне: “А хто-небудзь ведае, што такое слова “прага” з маленькай літары?”
Уласна, спіс. Я дадаваў у яго творы, разлічаныя на людзей 30 +/– дзесяць гадоў. Для людзей болей сталага веку патрэбны іншы спіс — прапаную абмеркаваць яго ў каментах. Гэты выбар — выключна мая густаўшчына, сярод чытачоў, упэўнены, знойдуцца тыя, хто беларускую літаратуру ведаюць лепей за мяне і параяць тэксты яшчэ больш прыдатныя для таго, каб вярнуць нацыю да літаратуры, якая для яе стваралася.
1. Францішак Хлус, Марцін Юр. “Здані і пачвары беларускай зямлі”. Спампаваць можна на “Камунікаце”. Мне пашчасціла: у 1995 годзе я набыў адзін з папяровых асобнікаў гэтай кніжачкі, які на гэты момант зрабіўся бібліяграфічнай каштоўнасцю, бо наклад быў усяго 300 асобнікаў. Што такое “Здані і пачвары”? Ну, уявіце сабе, што дзеянне “Шляхціца Завальні” адбываецца ў мінскім метрапалітэне і на Камсамольскім возеры. І што тэкст “Завальні” пісаў нехта з выключным пачуццём гумару і прагай да палітнекарэктных выказванняў. У “Зданях” знаходзім усё: піянераў-тапельцаў, юрлівых пісьменнікаў, ваўкалакаў, булгакаўчшыну, гофманаўшчыну. Мова стылістычна насычаная, але без выпяндронаў, гэта — насычанасць стылізацыі, гульні з гіпертэкстам. Час ад часу “Здані” капіююць міліцэйскі пратакол, час ад часу прэтэндуюць на быліннасць.
Калі кніжачка спадабалася, пампуем там жа “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве”, напісаную Уладзіславам Ахроменкам ды Максімам Клімковічам. Калі спадабаўся і “Наезд”, бяжым у кнігарню “Логвінаў”, набываем папяровую версію “Тэорыі змовы” Ахроменкі. Чалавек падазроны павінны тут спытацца: а чаму я раю ў адным абзацы чатырох розных пісьменнікаў? Рэч ў тым, што прыкладна ў сярэдзіне “нулявых” высветлілася страшная рэч: Францішак Хлус і Уладзіслаў Ахроменка (так, як і Марцін Юр ды Максім Клімковіч) — адна і тая ж асоба! Зараз трэба чакаць новых сюрпрызаў — пра тое, што Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка — адзін чалавек! Але акрамя жартачкаў: іх сумесная творчасць (так, як і “Тэорыя змовы”, напісаная толькі Ахроменкам) — інтэлектуальна насычаныя, лёгкія, часам смешныя, часам поўныя смуткам прыгодніцкія творы з файным сюжэтам. Творы, з якіх варта пачынаць уцягваць чалавека ў свет беларускай літаратуры.
2. Там жа, на “Камунікаце”, знаходзім найлепшы, як на мой густ, твор, напісаны Альгердам Бахарэвічам, — “Праклятыя госці сталіцы”. Калі вашыя родныя запытаюцца, хто такі Бахарэвіч, адкажыце так: гэта адзіны літаратар генерацыі 30 + –, які дакладна застанецца ў падручніках: ягоным прозвішчам будзе названая вуліца ў сталіцы, і я нават ужо прыкладна разумею, якая. Хаця б толькі за ўклад у мову, хаця “ўкладаў” такіх Бахарэвіч на дадзены момант нарабіў вельмі шмат. Канчаткова “сапсаваным Акуніным” трэба растлумачыць, што Бахарэвіч — “гэта хутчэй Маркес, чым Марыніна”, а то яшчэ пачнуць там шукаць дэтэктыў. На мой погляд, кожную старонку “Праклятых гасцей” варта чытаць як мінімум двойчы — першы раз, каб зразумець дзею, другі раз — каб адчуць мову. Калі тэкст чытаць болей за два разы, ён павольна пачне змяняць тое, як вы думаеце. Гэта цуд, адна з наймацнейшых інтэлектуальных асалодаў, якая можа быць дадзеная чулліваму да стылістыкі чалавеку.
Па спасылцы пампуем два-тры апавяданні Сяргея Балахонава і аповесць “Пятля зацятасці”. Калі родным “заходзіць”, бяжым у краму “Логвінаў” па кніжку “Зямля пад крыламі Фенікса” (у сеціве няма). Мне вельмі падабаецца Балахонаў, але я не ведаю, як патлумачыць, што такое ягоная апошняя кніжка. Ну, вось памятаеце mockumentary-цыкл “Россия. Полное затмение” тэлежурналіста Андрэя Лашака пра кілімы-забойцы? Дык вось, уявіце, што нешта кшталту такога цыклу паўстала на ўзроўні прозы, з апавяданнем пра “вірус беларускасці”, што разносіцца інсектамі, якіх “спрабавалі травіць”, але не атруцілі. Мак’юмэнтарыстыка Балахонава адрозніваецца ад мак’юмэнтарыстыкі Лашака тым, што яна скіраваная на адбудову нацыянальнай ідэі. Ды і часам гэта болей дасціпна і смешна, чым Лашак!
Дарэчы, звярніце ўвагу на творчасць Сярошкі Пістончыка aka Сяргей Прылуцкі. Вось тут можна азнаёміцца з ягонымі апавяданнямі, заслугоўвае ўвагі і ягоны ЖЖ.
Паралельна “кормім” родных творамі на ўтульнай пакуль для іх рускай мове. Ведаеце, вось хоць забіце мяне, але я лічу самым моцным расейскамоўным беларускім празаікам Таццяну Заміроўскую з яе змрочна-смешным “Жыццём без шуму і болю”. Кніжкай, якую павінны быў напісаць тандэм з Прыгава і Мамлеева, але напісала крохкая дзяўчына з Мінска. Гэта сапраўдная вялікая проза, дзе на сэнсаўтварэнне працуе кожная коска, кожная кропка. Але кніжку Заміроўскай у сеціве не спампаваць, адзінае выйсце — скапіяваць у чыталачку для вашых родных асобныя апавяданні кнігі, змешчаныя на яе ЖЖ . Затое па адрасе можна знайсці дзве файна аздобленыя кніжачкі двух празаікаў-мужыкоў. Першы твор — “Былыя” Антона Кашлікава, кранальны раман, дзея якога разгортваецца ў Кіеве і Мінску, дзе ёсць трохі дэтэктыва, трохі меладрамы і трохі постсацыяльнага рэалізму. Антон, што ў жыцці выглядае як тыдзень няголены баксёр “з Каменнай горкі”, у прозе — тонкі, пранізлівы аўтар з выключна даверлівай інтанацыяй нарацыі. Другі твор, што знойдзем на “Першаку” — зборнік апавяданняў паспяховага беларуса (здымае фільмы і ладзіць імпрэзы па ўсім былым Саюзе) Уладзіміра Казлова. У зборніку сабраныя апавяданні пра Беларусь, таму называецца ён “Радзіма”. Я прачытаў усё, што выходзіла ў Казлова, мне сімпатычнае тое, як ён апісвае 90-я гады, простых “хлапцоў з раёна”. Але ведаеце, сакрэт прывабнасці яго твораў — у выключнай чалавечнасці герояў, якасці, якой не стае нашай сучаснай літаратуры. Шчырасць і робіць “гопнікаў” Казлова менавіта літаратурнымі персанажамі, што стаяць недзе побач з дзецюкамі Жадана.
Федарэнка стварае літаратуру адназначна не для пачаткоўцаў, не для “сапсаваных Акуніным”. Але ягоныя аповеды “пра жыццё” зразумее кожны. Гэта Бунін. Гэта Акутагава. Гэта Мапасан. Гэта Федарэнка.
Прыемнага чытання!