Ці мастацтва аб'яднае народ?

Ці мастацтва аб'яднае народ?


Аб’яўлены мастацкі конкурс, які заклікае да актыўнага ўдзелу ў жыцьці краіны. Удзельнічаць можа кожны.

Падняць узровень грамадзянскай сьвядомасьці праз культуру – такую мэту паставілі перад сабой арганізатары конкурсу “Сучасная беларуская грамадзянскасьць”. Кожны жадаючы можа даслаць на конкурс тэкст, песьню альбо фота, прысьвечаныя сучаснай Беларусі. З арганізатарамі конкурсу размаўляў Аляксандар Папко.

Мэта конкурсу, які праводзіць Асацыяцыя дадатковай адукацыі разам з культурнай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, заключаецца ў стварэньні новых мастацкіх прадуктаў, якія заклікаюць да актыўнага ўдзелу ў жыцьці краіны. На конкурс можна дасылаць эсэ, кароткі сцэнар, верш, песьню, плякат альбо фота.

Ці можна выхаваць грамадзянаў мастацкімі сродкамі? Так – перакананая выканаўчы дырэктар Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асьветы Сьвятлана Анташкевіч. Грамадзянская адукацыя – гэта ня толькі кнігі ці сэмінары. Выхаваньне грамадзянаў – гэта перадусім стварэньне супольнай культуры.

С. Анташкевіч: На нас вельмі ўплывае тое, што мы чуем і бачым. Насамрэч арт-прадуктаў грамадзянскай накіраванасьці, якія аб’ядноўваюць, кансалідуюць грамадзтва, у нас няма. Таму мы вырашылі разам з “Будзьма!” правесьці такі конкурс. Мы хочам актывізаваць людзей і паказаць, што мы – адзін народ, нягледзячы на тое, што мы розныя. Мы жывем у адной краіне й павінныя працаваць на паляпшэньне нашага жыцьця.

Сумесная творчасьць здольная аб’яднаць грамадзтва – кажа каардынатарка кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская. Досьвед “Будзьма!” паказвае, што культурныя акцыі ўплываюць ня толькі на вузкае кола людзей. Наадварот, культура разбурае бар’еры ў грамадзтве. Яна паляпшае самаадчуваньне людзей і дае ім упэўненасьць, што краіна разьвіваецца. Таму “Будзьма!” не вагаючыся падтрымала мастацкі конкурс – кажа Ніна Шыдлоўская.

Н. Шыдлоўская: Чым больш будзе ладзіцца такіх конкурсаў, тым лепш будзе наладжвацца камунікацыя паміж рознымі групамі ў нашым грамадзтве. Яно, на жаль, застаецца разьяднаным – па сацыяльных і палітычных лініях. Творчасьць дазволіць аб’яднаць як актыўных людзей у сталіцы, так і ў рэгіёнах.

Адкрыты й “народны” характар конкурсу падкрэсьлівае тое, што скіраваны ён перадусім да аматараў – кажа Святлана Анташкевіч.

С. Анташкевіч: Конкурс, як нам падаецца, разьлічаны пераважна на маладых пачынаючых творцаў. Але калі ім зацікавяцца прафэсіяналы – гэта будзе выдатна!

Якая будзе мастацкая якасьць аматарскіх працаў? Артысты-аматары часта робяць творы ня горшыя за прафэсіяналаў, бо дыплём сёньня – рэч умоўная – кажа сябра журы мастак Артур Клінаў.

А. Клінаў: На такіх конкурсах могуць зьяўляцца вельмі цікавыя рэчы, ня горшыя за творы, умоўна кажучы, прафэсіяналаў. Дыплёмы ў наш час – гэта вельмі адносная рэч. Калі чалавек таленавіты й мае пакліканьне да чагосьці – ён можа зрабіць нешта, што зьдзівіць усіх.

На сцэнар, які стане пераможцам конкурсу “Сучасная беларуская грамадзянскасьць”, будзе зьняты кароткамэтражны фільм, з песьні зробяць кліп, а фотапрацы будуць паказаныя на выставе.

Акрамя таго, арганізатары абяцаюць дапамагчы пераможцам ўдзельнічаць у міжнародных фэстывалях. Прэзэнтацыя працаў пераможцаў адбудзецца ў верасьні у Менску і ў рэгіёнах. Дасылаць працы на конкурс можна да 11 ліпеня на адрас grazhdanstvennost.by@gmail.com. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне +375 29 107 13 66.

Аляксандар Папко

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё